Мінск 22:49

Трамп: У Беларусі шмат калію, а нашым фермерам патрэбныя добрыя цэны

Відэа: Офіс прэзідэнта Украіны / стоп-кадр: "Позірк"

22 верасня, Позірк. Зацікаўленасць у куплі беларускіх мінеральных угнаенняў пацвердзіў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, адказваючы на пытанні журналістаў 22 верасня на сумесным брыфінгу з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім на палях Генеральнай асамблеі ААН у Нью-Йорку.

“У Беларусі шмат калію, а нашым фермерам патрэбныя добрыя цэны, і мы хочам атрымаць цану ніжэйшую, чым у Канадзе”, — сказаў Трамп, маючы на ўвазе гандлёвыя адносіны паміж Вашынгтонам і Атавай, якія ўскладніліся (цытата па відэа на ютуб-канале Офіса прэзідэнта Украіны).

Паводле слоў амерыканскага прэзідэнта, ЗША працягнуць супрацоўніцтва з Канадай, аднак Беларусь “хацела б прадаваць калій па значна ніжэйшай цане”.

Пры гэтым, паводле слоў Трампа, ён не баіцца, што угода з Мінскам па каліі зможа ўмацаваць пазіцыі Расіі ў вайне супраць Украіны.

21 верасня прэзідэнт ЗША напісаў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Truth Social, што Злучаныя Штаты Амерыкі “працуюць над буйной здзелкай па закупцы калійных угнаенняў у Беларусі”. “Цана будзе істотна ніжэйшай за тую, якую мы цяпер плацім Канадзе, — гэта вельмі добрая навіна для нашых фермераў і ўладальнікаў ранча. Дзякуй за ўвагу да гэтага пытання!” — адзначыў палітык.

Раней у той дзень Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са старшынёй Дзяржаўнага мытнага камітэта Уладзімірам Арлоўскім заявіў, што Мінск не можа паставіць у ЗША вялікіх аб’ёмаў калійных угнаенняў, паколькі вырабленая прадукцыя ўжо звязана кантрактамі на гэты год з іншымі краінамі.

11 верасня Лукашэнка паведаміў пра нібыта пастаўку беларускіх калійных угнаенняў Вашынгтону, якая адбываецца: “Цяпер грузім калій — прадаём Злучаным Штатам Амерыкі. <…> Вось у нас вызвалілася. Мы ж закантрактавалі іх (угнаенні. — “Позірк”.) на гэты год, на наступны год разгледзім. Цяпер з’явілася магчымасць судна загрузіць (заўтра дакладна скончым загрузку) — забірайце”.

15 верасня ён прыняў у Мінску спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША па Беларусі Джона Коўла. У афіцыйных рэлізах тэма не ўздымалася.

Аднак у апублікаваным на наступны дзень інтэрв’ю The New York Times ад 16 верасня Коўл заявіў: “Здзелка па калійных угнаеннях знаходзіцца ў вельмі добрым стане, каб забяспечыць іх пастаўкі з Беларусі ў ЗША — менавіта гэтага хоча прэзідэнт Трамп. Сёння я сустрэўся з прэзідэнтам Літвы, а заўтра сустрэнуся з прэзідэнтам Латвіі, каб дамагчыся ўзгодненай пазіцыі ўсіх бакоў”.

16–17 верасня Коўл сустрэўся з прэм’ер-міністрамі Літвы і Латвіі, а таксама прэзідэнтам Літвы. У афіцыйных паведамленнях тэма транзіту калію не фігуравала.

У сакавіку гэтага года па выніках візіту Коўла ЗША адмянілі санкцыі ў дачыненні да беларускіх калійных угнаенняў. Пры гэтым іх пастаўка праз порт Клайпеды (Літва) немагчымая ў сувязі з санкцыямі Еўрапейскага саюза.

Ніводная краіна ЕС не можа ўдзельнічаць у калійнай здзелцы ЗША з Беларуссю — кіраўнік МЗС Літвы

22 верасня, Позірк. Ніводная дзяржава Еўрапейскага саюза "не можа быць часткай пагаднення, якое ўзгадняе ЗША, аб імпарце беларускіх угнаенняў", заявіў літоўскаму грамадскаму вяшчальніку LRT 22 верасня ў Нью-Ёрку міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс. "Тое, што адбываецца паміж ЗША і …

Падзяліцца: