Мінск 16:07

Ідэалагічная праца ў вайсковым блоку Беларусі вядзецца на ўсіх узроўнях — галоўны ідэолаг УС

Галоўны ідэолаг УС Беларусі Леанід Касінскі
Архіўнае фота: прэс-служба Мінабароны

22 верасня, Позірк. Органы ідэалагічнай працы вядуць сваю дзейнасць на ўсіх узроўнях — ад Міністэрства абароны і камандаванняў аб’яднанняў Узброеных сіл да батальёна і роты, заявіў на перамовах з начальнікам Галоўнага палітупраўлення арміі В’етнама Нгуен Чонг Нгіа 22 верасня ў Мінску памочнік міністра па ідэалагічнай працы ва Узброеных сілах — начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Мінабароны Леанід Касінскі.

Паводле інфармацыі прэс-службы беларускага вайсковага ведамства, бакі абмеркавалі “новыя сродкі ідэалагічнай працы”, якія прымяняюцца ва УС, разгледзелі “сучасныя падыходы да арганізацыі ідэалагічнай працы не толькі ў войсках, але і ў грамадстве”.

Сёння забеспячэнне ваеннай бяспекі, паводле слоў Касінскага, “ажыццяўляецца ў прынцыпова новых умовах” — на першы план выходзіць “супрацьборства за розумы і свядомасць людзей, перш за ўсё тых, хто абараняе сваю зямлю са зброяй у руках”.

“Узброеныя сілы нашых дзяржаў маюць дастатковы патэнцыял і багаты досвед ідэалагічнай працы, — заявіў ён. — Гэта дазваляе не толькі развіваць названы кірунак у сваіх арміях, але і абменьвацца досведам, дзяліцца перадавымі напрацоўкамі ў гэтай сферы. Лічу, што нам неабходна працягваць умацоўваць наша ўзаемадзеянне па лініі органаў ідэалагічнай працы”.

Паводле слоў галоўнага ідэолага УС, пры стварэнні сістэмы ідэалагічнай працы беларускай арміі “было ўзята ўсё лепшае, што было ў арганізацыі партыйна-палітычнай працы Узброеных сіл СССР, і адаптавана да сучасных умоў”.

У сваю чаргу, Нгуен Чонг Нгіа адзначыў “высокія тэмпы развіцця” беларуска-в’етнамскай супрацы, у тым ліку ў сферы абароны, а таксама звярнуў увагу на “станоўчую дынаміку ўзаемадзеяння” паміж вайсковымі ведамствамі дзвюх краін.

Вайсковая дэлегацыя з В’етнама прыбыла ў Беларусь з афіцыйным візітам 21 верасня.

В’етнамскае выданне “Народная армія” паведамляла, што Нгуен Чонг Нгіа паслядоўна здзейсніць два візіты — у Беларусь і Алжыр — у адпаведнасці з “планамі супрацы на 2026 год з міністэрствамі абароны” гэтых краін. Мэтай паездак заяўленыя кантакты кіраўніцтва В’етнамскай народнай арміі з вайсковым кіраўніцтвам Беларусі і Алжыра, а таксама развіццё абароннай супрацы з кожнай з іх.

24 студзеня паведамлялася, што аташэ па пытаннях абароны В’етнама Као Нгок Ха акрэдытаваны пры Міністэрстве абароны Беларусі.

Летась у снежні В’етнам наведваў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч. Падчас візіту чыноўнік заявіў, што супраца ў сферы бяспекі “стала сапраўдным драйверам беларуска-в’етнамскіх стасункаў, у тым ліку гандлёва-эканамічных”.

Вальфовіч і міністр грамадскай бяспекі В’етнама Лыонг Там Куанг падпісалі пратакол аб стварэнні сумеснай рабочай групы па пашырэнні і ўмацаванні супрацы ў сферы бяспекі.

Падзяліцца: