Мінск 11:17

Нарвегія забараніла ўезд спартсменам з Беларусі і Расіі

Ілюстрацыйнае фота: Drahomir Hugo Posteby-Mach / unsplash.com

18 лістапада, Позірк. Нарвежскія ўлады забаранілі ўезд у краіну беларускім і расійскім прафесійным спартсменам, якія выступаюць пад сцягамі Беларусі і РФ або ў нейтральным статусе, а таксама персаналу, які іх суправаджае, вынікае з распараджэння Міністэрства юстыцыі і гатоўнасці да надзвычайных сітуацый.

Як адзначае прэс-служба ўрада краіны, яно аддадзена 16 лістапада Упраўленню па справах замежнікаў і Дырэктарату паліцыі. Осла “не жадае ствараць умовы” для прыезду ў краіну названых катэгорый замежнікаў.

Візы беларускім і расійскім спартсменам выдавацца не будуць. Візавыя заявы, якія цяпер знаходзяцца на разглядзе, падпадаюць пад дзеянне новага дакумента.

Разам з тым, гаворыцца ў рэлізе, новыя правілы не будуць распаўсюджвацца на асоб, якія маюць дзейныя шэнгенскія візы.

Адзначаецца, што Осла захавае новыя правілы “да таго часу, пакуль працягваецца вайна ва Украіне”.

28 лютага 2022 года, праз некалькі дзён пасля пачатку падтрыманай Мінскам расійскай ваеннай агрэсіі ў адносінах да Украіны, Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) заклікаў спартыўныя федэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў атлетаў з РФ і Беларусі. Гэтая рэкамендацыя была неадкладна і масава прынятая да выканання, у выніку чаго расійскі і беларускі спорт апынуўся амаль у поўнай ізаляцыі.

28 сакавіка 2023 года МАК апублікаваў заяву, у якой рэкамендаваў міжнародным федэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расіянам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах пры выкананні шэрагу ўмоў.

7 траўня 2026 года выканкам МАК заявіў, што “больш не рэкамендуе якіх-небудзь абмежаванняў на ўдзел беларускіх спартсменаў, уключаючы каманды, у спаборніцтвах, якія праводзяцца міжнароднымі федэрацыямі і арганізатарамі міжнародных спартыўных мерапрыемстваў”.

МАК, як паведамлялася, “адмяніў рэкамендаваныя ўмовы ўдзелу для міжнародных федэрацый і арганізатараў міжнародных спартыўных мерапрыемстваў ад 28 лютага 2022 года і 28 сакавіка 2023 года ў той частцы, якая тычыцца Беларусі і беларускіх спартсменаў”.

Пасля гэтага аб допуску беларускіх спартсменаў да сваіх спаборніцтваў на роўных умовах з прадстаўнікамі іншых краін заявілі аб’яднанні па каратэ, гімнастыцы, фехтаванні, веласпорце, спартыўных танцах, більярдзе, водных лыжах, боксе, тайскім боксе, сучасным пяцібор’і і валейболе, парусным спорце, барацьбе, цяжкай атлетыцы, а таксама Міжнародная федэрацыя студэнцкага спорту, пад эгідай якой у 2027 годзе адбудуцца летняя і зімовая ўніверсіяды.

12 лістапада агенцтва Reuters са спасылкай на дыпламатаў Еўрасаюза паведаміла, што забарона на ўдзел беларускіх і расійскіх спартсменаў у міжнародных спаборніцтвах на тэрыторыі краін ЕС можа ўвайсці ў наступны пакет санкцый саюза супраць Расіі. 

Падзяліцца: