Мінск 20:52

Суд у Літве пакінуў у сіле прыгавор групе асуджаных за кантрабанду цыгарэт з Беларусі

Ілюстрацыя: Tingey Injury Law Firm / unsplash.com

17 лістапада, Позірк. Апеляцыйны суд Літвы адхіліў скаргі пяці асуджаных за кантрабанду цыгарэт з беларускімі акцызнымі маркамі і незаконны абарот падакцызных тавараў у складзе арганізаванай групы, паведамляе Служба аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ) Літвы.

Адзначаецца, што расследаванне справы пачалося ў лютым 2022 года, а прыгавор Каўнаскі акруговы суд вынес у кастрычніку 2025-га.

Паводле звестак следства, у лютым 2022 года ўдзельнікі групы ўвезлі ў Літву 21 скрыню з 10.250 пачакамі цыгарэт, маркаваных беларускімі акцызнымі маркамі. Іх кошт перавышаў 36 тыс. еўра.

У чэрвені таго ж года кантрабандысты пераправілі праз мяжу яшчэ 90 скрынь — 56.537 пачакаў цыгарэт агульным коштам амаль 208 тыс. еўра. Адзін з удзельнікаў групы меўся перагрузіць тытунёвыя вырабы з двух аўтамабіляў у грузавік і даставіць у Польшчу, але яго затрымалі памежнікі.

У аднаго з фігурантаў справы была схованка ў Лаздзійскім раёне (мяжуе з Беларуссю і Польшчай). У ёй выявілі 20.846 пачакаў цыгарэт з беларускімі акцызнымі маркамі. Кошт тытунёвай прадукцыі складаў 76,7 тыс. еўра.

Каўнаскі акруговы суд пакараў пазбаўленнем волі толькі аднаго ўдзельніка групы — на 3 гады (пры гэтым яму было прадпісана адбыць шэсць месяцаў рэальнага зняволення, а выкананне астатняй часткі пакарання было адтэрмінаванае на 2 гады). Трое фігурантаў справы былі аштрафаваныя — на 10.000, 29.600 і 44.700 еўра. Яшчэ адзін — супрацоўнік САДМ — апрача штрафу ў 13.400 еўра атрымаў трохгадовую забарону на працу на дзяржаўнай службе. Адметна, што яго звольнілі з памежнага ведамства толькі 16 лістапада — пасля таго, як рашэнне Апеляцыйнага суда набыло моц.

З паведамлення вынікае, што ў схему быў уцягнуты яшчэ адзін прадстаўнік літоўскага памежнага ведамства — тагачасны начальнік памежнай заставы Капчамесціс Варэнскага памежнага атрада. Падраздзяленне ўнутранай бяспекі САДМ дазналася, што “за ўзнагароджанне, памер якога не высветлены”, ён праслухоўваў паведамленні службовай радыёсувязі і перадаваў аднаму з фігурантаў інфармацыю пра тое, калі можна бяспечна перавозіць цыгарэты, а калі існуе небяспека затрымання.

Чыноўнік пакінуў службу 28 чэрвеня 2022 года. Каўнаскі акруговы суд аштрафаваў яго на 20.400 еўра і забараніў на працягу 4 гадоў працаваць на дзяржаўнай службе. Мужчына не стаў абскарджваць вырак.

12 лістапада 2026 года стала вядома, што за кантрабанду беларускіх цыгарэт з дапамогай беспілотнікаў у Літве асуджана шэсць чалавек, у тым ліку два супрацоўнікі САДМ. Паводле інфармацыі пракуратуры, у ноч на 27 кастрычніка 2024-га ўдзельнікі гэтай групы за некалькі рэйсаў пераправілі праз мяжу 33 тыс. пачакаў цыгарэт Queen Menthol з беларускімі акцызнымі маркамі. Кошт партыі з улікам падаткаў тады быў ацэнены ў 148 тыс. еўра.

23 кастрычніка САДМ паведаміла, што ад пачатку 2026 года па выніках расследаванняў 14 службовым асобам службы выстаўленыя падазрэнні ў здзяйсненні злачынстваў карупцыйнага характару. У Пагегяйскім памежным атрадзе вядзецца “дасудовае расследаванне па фактах незаконнага абароту тавараў, якія абкладаюцца акцызамі, і злоўжывання службовым становішчам”.

Як паведамляў “Позірк”, падставай для расследавання стала затрыманне ў ноч на 7 верасня ў Лаздзійскім раёне ля мяжы з Беларуссю грузу з 22 скрынь з цыгарэтамі беларускай вытворчасці, як мяркуецца, дастаўленымі з дапамогай дронаў. Памежнікі затрымалі двух чалавек, якія прыехалі на аўтамабілі, каб забраць нелегальны груз, іншыя службы — двух малодшых спецыялістаў памежнай заставы Капчамесціс, якія знаходзіліся пры выкананні службовых абавязкаў.

Амаль адначасова іншая група супрацоўнікаў САДМ у Валькінінкаі затрымала яшчэ двух чалавек, якія, як мяркуецца, арганізавалі перавозку кантрабанды. Ранкам 7 верасня ў Варэне на працоўным месцы быў затрыманы галоўны следчы Варэнскай памежнай каманды.

Падзяліцца: