Мінск 17:03

Жыхар Віцебска збіраўся прадаць 1,5 т лому каляровых металаў за мяжу — яму пагражае штраф за незаконнае прадпрымальніцтва

Фота: УУС Віцебскага аблвыканкама

17 лістапада, Позірк. Пра спыненне спробы вывазу з краіны амаль 1,5 тоны лому каляровых металаў паведамляе УУС Віцебскага аблвыканкама.

Адзначаецца, што супрацоўнікі падраздзялення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Кастрычніцкага РАУС і міжраённага аддзела ДАІ спынілі на дарозе Р-112 у Віцебскім раёне грузавы аўтамабіль ГАЗ. За стырном знаходзіўся 20-гадовы непрацоўны жыхар Віцебска.

Падчас агляду машыны быў знойдзены лом каляровых металаў коштам больш за 2 тыс. рублёў, які перавозіўся без суправаджальных дакументаў.

Паводле слоў кіроўцы, ён скупляў метал у мясцовых жыхароў, каб пасля прадаць у “суседняй дзяржаве”. У паведамленні не ўдакладняецца, пра якую краіну ідзе гаворка, аднак найчасцей гэты рэсурс спрабуюць вывезці ў Расію.

У дачыненні да маладога чалавека складзены пратакол за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць. Метал забраны. Паводле інфармацыі УУС, жыхару Віцебска пагражаюць буйны штраф і канфіскацыя тавару.

15 кастрычніка МУС паведаміла пра спыненне вывазу з Беларусі “ў суседнюю краіну” больш за 17 т лому каляровых металаў коштам звыш 45 тыс. рублёў. Тады аўтамабіль быў затрыманы ў Аршанскім раёне (Віцебская вобласць).

Падзяліцца: