БДІПЧ АБСЕ: У пяці інцыдэнтах на глебе нянавісці ў Беларусі ў 2025 годзе пацярпелі 35 чалавек

16 лістапада, Позірк. Пра пяць інцыдэнтаў на глебе нянавісці ў Беларусі ў 2025 годзе, у выніку якіх пацярпелі 35 чалавек, гаворыцца ў дакладзе, апублікаваным 16 лістапада Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (БДІПЧ АБСЕ).
Звесткі аб інцыдэнтах прадаставілі праваабарончыя арганізацыі Human Constanta і We are Monitoring, адзначаецца ў раздзеле дакумента аб Беларусі.
Два выпадкі звязаныя з гвалтам над мігрантамі, затрыманымі паблізу беларуска-польскай мяжы.
У траўні мінулага года восем грамадзян Самалі, уключаючы дзвюх жанчын і трох падлеткаў, падвергліся фізічнаму гвалту і пагрозам смерці з боку беларускіх сілавікоў. Паводле апісання інцыдэнту, іх збівалі, у тым ліку нагамі, і пад пагрозай смерці прымусілі вярнуцца ў Польшчу.
У верасні беларускія памежнікі на працягу паўгадзіны збівалі дзесяцёх мужчын з Судана. Пасля гэтага мігрантаў перавозілі ва ўмовах моцнай цеснаты, перадалі сілавікам у масках і катавалі. Іх тэлефоны былі знішчаны. На працягу наступнага 21 дня пацярпелых неаднаразова прымушалі вяртацца ў Польшчу.
Яшчэ тры інцыдэнты тычыліся пераследу прадстаўнікоў ЛГБТІ-супольнасці. Адзін з іх — рэйд сілавікоў на сяброўскае ЛГБТІ культурнае мерапрыемства ў верасні, падчас якога пацярпела 15 чалавек.
Паведамляецца, што ўдзельнікаў мерапрыемства прымушалі ляжаць на падлозе або стаяць ля сцен, абшуквалі, некаторых затрымлівалі. Людзей, якіх палічылі прадстаўнікамі ЛГБТІ, дастаўлялі ў аддзяленні міліцыі, падвяргалі гамафобным абразам, распытвалі пра асабістае жыццё і пагражалі гвалтам.
У красавіку сілавікі затрымалі і дапыталі ЛГБТІ-актывістку, пагражаючы ўзбуджэннем крымінальнай справы, калі яна не пагодзіцца супрацоўнічаць і прадастаўляць інфармацыю аб актывістах і арганізацыях.
У лістападзе звязаныя з сілавікамі праўладныя крыніцы апублікавалі персанальныя даныя і звесткі аб прыватным жыцці іншай жанчыны ў сувязі з яе сексуальнай арыентацыяй. Пасля супрацоўнікі міліцыі звязваліся з ёй праз сацыяльныя сеткі, аказвалі псіхалагічны ціск і спрабавалі прымусіць да супрацоўніцтва.
Як адзначаецца ў дакладзе, абедзве жанчыны пакінулі Беларусь, баючыся далейшага пераследу.
БДІПЧ падкрэслівае, што звесткі заснаваныя на добраахвотных паведамленнях арганізацый грамадзянскай супольнасці і не адлюстроўваюць рэальнай колькасці інцыдэнтаў у краіне.
У АБСЕ асобна адзначылі, што беларускія ўлады ў апошні раз падавалі БДІПЧ даныя аб злачынствах на глебе нянавісці дзесяць гадоў таму, справа тычылася дакладу за 2015 год.
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- ЭканомікаЧысты прыбытак рэзідэнтаў "Вялікага каменя" за тры кварталы зменшыўся ў 1,6 разаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка


