Мінск 14:29

Муравейка ўзначаліў Віцебскую вобласць — пасля паўтара месяца на пасадзе намесніка кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі (дапоўнена)

Архіўнае фота: прэс-служба Мінабароны

16 лістапада, Позірк. Старшынёй Віцебскага аблвыканкама прызначаны Павел Муравейка, паведамляе прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.

Адметна, што ўсяго паўтара месяца таму, 28 верасня, гэты чыноўнік быў пераведзены з пасады начальніка Генеральнага штаба Узброеных сіл — першага намесніка міністра абароны на пасаду намесніка кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі.

Папярэдні кіраўнік рэгіёна — Аляксандр Рагожнік быў вызвалены ад пасады 20 кастрычніка “ў сувязі з хваробай”. Да сённяшняга дня вобласць узначальваў першы намеснік старшыні Сяргей Ляўковіч.

“Я хацеў бы вас бачыць губернатарам Віцебскай вобласці, — заявіў Лукашэнка 16 лістапада на сустрэчы з Муравейкам. — Чаму з усіх кандыдатур я вам прапаную гэтую працу? Вы чалавек сістэмны, з вайсковым характарам, які прывык ставіць задачы і патрабаваць выканання”.

Узгадваючы ранейшую дзейнасць новапрызначанага кіраўніка рэгіёна, Лукашэнка падкрэсліў, што ў Генштабе УС “дрэнных не бывае, там людзі мазгавітыя”, бо там трэба не толькі “аддаваць загады”, але і “думаць пра развіццё арміі, развіццё нейкіх аперацый”.

Палітык запатрабаваў ад Муравейкі на новай пасадзе вынікаў: “Гэта — галоўнае. Таму трэба працаваць на вынік. І ў Віцебскай вобласці бяда — дысцыпліна. Трэба ўводзіць армейскую дысцыпліну ў плане выканання тэхналагічных рэгламентаў”.

На яго думку, старшыні аблвыканкамаў ёсць “найважнейшымі ў краіне, гэта цэнтральныя фігуры ў Беларусі”.

Лукашэнка таксама адзначыў, што Віцебская вобласць — гэта “не толькі сельская гаспадарка, гэта і прамысловасць”. “А сёння ўжо вялікі вайсковы складнік: народнае апалчэнне, тэрытарыяльныя органы, ды і армейскія падраздзяленні, там і сілы спецыяльных аперацый, маюцца і брыгады Міністэрства ўнутраных спраў — гэта значыць людзей у пагонах там нямала. Час неспакойны, сур’ёзны”, — патлумачыў ён.

На нарадзе 24 кастрычніка 2025 года палітык заявіў, што сітуацыя ў Віцебскай вобласці “сумная — яна горшая, чым дзе-небудзь”.

“Мы не можам спакойна глядзець на рост негатыўных тэндэнцый. Я зраблю ўсё, каб прымусіць вас працаваць, адгаворкі не прымаюцца”, — сказаў ён. Менш чым праз тры месяцы Лукашэнка змяніў кіраўніка вобласці.

Паводле праведзенага “Позіркам” аналізу зборніка даных “Асноўныя сацыяльна-эканамічныя паказчыкі за студзень — верасень 2026 года”, прадстаўленых Нацыянальным статыстычным камітэтам, Віцебская вобласць займала 2-е месца паводле дынамікі ўводу ў эксплуатацыю жылля (-2,2% да таго ж леташняга перыяду); дзяліла з Гомельскай вобласцю 3-е і 4-е месцы паводле прамысловай вытворчасці (+0,3%); 4-е — паводле інвестыцый у асноўны капітал (+2,8%); перадапошняе — паводле сельскагаспадарчай вытворчасці (+2,7%) і рознічнага тавараабароту (+7,1%); апошняе — паводле валавога рэгіянальнага прадукту (+0,3%) і аптовага тавараабароту (-29,1%).

Муравейка нарадзіўся 26 верасня 1971 года ў горадзе Мар’іна Горка (Мінская вобласць). У 1992 годзе скончыў Мінскую вышэйшую вайскова-палітычную агульнавайсковую вучэльню, праходзіў вайсковую службу ва Узброеных сілах.

З 20 чэрвеня 2013 года да 10 лютага 2022-га займаў пасаду намесніка начальніка Генштаба УС — начальніка Галоўнага аператыўнага ўпраўлення.

З 10 лютага 2022 года да 23 траўня 2024-га — першы намеснік дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі.

23 траўня 2024 года прызначаны начальнікам Генштаба УС — першым намеснікам міністра абароны.

Муравейка ўнесены ў санкцыйныя спісы Еўрасаюза, Швейцарыі, Албаніі, Босніі і Герцагавіны, Ісландыі, Ліхтэнштэйна, Малдовы, Нарвегіі, Паўночнай Македоніі, Чарнагорыі, Украіны, Канады.

Военачальнік неаднаразова рабіў неадназначныя заявы.

У кастрычніку 2023 года Муравейка заявіў: “Літва фактычна забараніла нам перамяшчаць свае тавары праз мяжу. Паводле ўсіх нормаў міжнароднага права такі крок адносіцца да эканамічнай агрэсіі. З пункту гледжання банальнай логікі мы маем усе падставы, каб прасекчы жыццёва важны для нас калідор сілай зброі”.

У чэрвені 2024 года, кажучы пра размяшчэнне ў Беларусі расійскай ядзернай зброі, ён выказаўся наступным чынам: “Мы навучыліся абыходзіцца з гэтай зброяй. Мы ўмеем упэўнена яе выкарыстоўваць. Мы здольныя гэта рабіць і, можаце не сумнявацца, мы гэта зробім, калі суверэнітэту і незалежнасці нашай краіны будзе створаная пагроза”.

“Мірнае неба — гэта ж не нешта ўмоўнае, абстрактнае. Гэта сапраўды калі свеціць сонца, няма дыму ад гарадоў, вёсак, лясоў, што гараць, калі не чакаеш прылёту беспілотнікаў, снарадаў”, — заяўляў Муравейка ў лістападзе 2024-га на фоне сістэматычнага залёту ў Беларусь вайсковых дронаў.

Ён таксама публічна сумняваўся ва ўменні НАТО “нешта рабіць”, апісваў расійскую армію як “самую магутную і моцную ў свеце”.

Падзяліцца: