Мінск 16:57

Прад’яўлена абвінавачванне мужчыну, які падазраецца ва ўзброеным разбоі ў Мінску, свае дзеянні ён патлумачыў “моцнай ломкай”

Фота: dzr.by

16 лістапада, Позірк. Прад’яўлена абвінавачванне 38-гадоваму мужчыну, які падазраецца ва ўзброеным разбойным нападзе на знаёмага ў Мінску ў ноч на 11 лістапада, паведамляе Следчы камітэт.

Паводле звестак ведамства, фігурант, пагражаючы зброяй, завалодаў тады буйной сумай грошай 26-гадовага прыяцеля. Свае дзеянні ён патлумачыў тым, што ў яго “шматгадовая залежнасць і была вельмі моцная ломка”.

Як паведамляў “Позірк”, пацярпелы звярнуўся ў міліцыю 12 лістапада. Паводле яго, знаёмы адабраў у яго 2 тыс. долараў.

Адзначалася, што мужчыны перыядычна камунікавалі ў інтэрнэце. Напярэдадні меркаваны нападнік прапанаваў сустрэцца, падчас сустрэчы сеў у аўтамабіль да знаёмага і, “пагражаючы падобным на пісталет прадметам”, запатрабаваў гатоўку.

Яго затрымалі супрацоўнікі міліцыі пры сілавой падтрымцы байцоў АМАП.

Пры ператрусе ў яго знайшлі пісталет, боепрыпасы і частку выкрадзеных грошай. Паводле інфармацыі МУС, у мужчыны таксама канфіскавалі пнеўматычную вінтоўку. Частку грошай ён паспеў выдаткаваць, астатнія вярнулі пацярпеламу.

Паводле папярэдніх звестак, зброю фігурант набыў у “суседняй краіне” (так у прэс-рэлізах сілавікоў звычайна называюць Расію). Следства высветліла, што ён афіцыйна не працуе і пражывае адзін.

Мужчына заключаны пад варту. Яго дзеянні кваліфікаваныя паводле ч. 1 арт. 207 Крымінальнага кодэкса (разбой) і ч. 2 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў).

Паводле ч. 1 арт. 207 КК яму пагражае ад трох да дзесяці гадоў пазбаўлення волі, паводле ч. 2 арт. 295 — да сямі гадоў.

Падзяліцца: