Лукашэнка: У Беларусі перамяшаліся яўрэі, палякі, украінцы і рускія — атрымаўся беларус

16 лістапада, Позірк. Аб змешванні нацыянальнасцяў у Беларусі заявіў Аляксандр Лукашэнка 16 лістапада на сустрэчы з кіраўніком Яўрэйскай аўтаномнай вобласці (ЯАВ, РФ) Расіі Марыяй Касцюк.
“Цяжка разабрацца, хто мы. Асабліва ў Беларусі — тут такі замес: і яўрэі, і палякі, і ўкраінцы, і рускія… Усё гэта перамяшалася, атрымаўся беларус”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.
Пры гэтым ён у чарговы раз паўтарыў свой шматгадовай даўніны тэзіс, што “беларус — гэта рускі са знакам якасці”.
Паведамляецца, што Касцюк перадала Лукашэнку архіўную даведку аб перасяленні людзей з Беларусі ў ЯАВ ў 1928–1938 гадах. Колькасць перасяленцаў не ўдакладняецца.
“ЯАВ не проста як пабрацім, гэта як сястра малодшая. Можна сказаць, і дачка”, — заявіла расійская чыноўніца, кажучы пра гістарычныя сувязі рэгіёну з Беларуссю.
Паводле сцвярджэння Касцюк, перасяленне ў тыя гады не было прымусовым: “Краіна была вялікая. Усюды ў вялікай краіне павінна быць добра. Таму тыя, хто ўмее рабіць добра, паехалі туды, каб там зрабіць добра”.
Яна заявіла, што вобласць пазіцыянуе сябе як рэгіён “пра шчасце, пра свет”, і заклікала вяртацца тых, каму “ўжо дзесьці некамфортна”. Паводле інфармацыі прэс-службы Лукашэнкі, кіраўніцтва ЯАВ прасоўвае ідэю, што выхадцам з рэгіёну “пара вярнуцца” і “сказаць дзякуй малой радзіме”.
“Малая радзіма не толькі ў вас там, у Бірабіджане і іншых. Але і ў Беларусі ж іх малая радзіма. Няхай і нам дапамагаюць”, — адрэагаваў Лукашэнка.
Ён прапанаваў расійскаму рэгіёну садзейнічанне ў машынабудаванні, сельскай гаспадарцы і дрэваапрацоўцы.
Касцюк у сваю чаргу заявіла, што яе каманда прытрымліваецца прынцыпу “вучыцца трэба ў лепшых”, і назвала Беларусь узорам для таго, каб пераймаць досвед і кампетэнцыі.
“Разумеем, што ў свой час ЯАВ была жытніцай Далёкага Усходу. Кудысьці гэта сышло… Цяпер наш час, каб гэта падняць на той жа ўзровень”, — сказала яна.
Уяўленні Лукашэнкі аб нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў змяняюцца ў залежнасці ад аўдыторыі і тэмы размовы. 3 лістапада 2023 года ў Астравецкім раёне (Гродзенская вобласць), разважаючы пра адносіны з суседнімі краінамі, ён назваў беларусаў, літоўцаў і палякаў “адным народам фактычна”. Таксама палітык неаднаразова заяўляў пра агульнасць беларусаў і расіян.
Пры гэтым 25 студзеня 2022 года на сустрэчы з прадстаўнікамі Нацыянальнай акадэміі навук Лукашэнка падкрэсліваў самастойнасць беларускай ідэнтычнасці: “Вы павінны разумець, што тое, што адрознівае нас ад іншых, — гэта беларуская мова”.
У дачыненні да яўрэяў Лукашэнка неаднаразова дазваляў сабе антысеміцкія выказванні. У 2007 годзе ён звязаў ранейшы неўладкаваны стан Бабруйска (Магілёўская вобласць) з тым, што гэта быў пераважна яўрэйскі горад. У 2015-м публічна казаў, што даручаў тагачаснаму старшыні Мінаблвыканкама Сямёну Шапіру ўзяць яўрэяў у Беларусі пад кантроль. А 14 чэрвеня 2024 года, абмяркоўваючы карупцыйную справу былога міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Ігара Брыло, вылучыў нацыянальнасць фігурантаў: “Вы мяне прабачце, я не антысеміт, але больш за палову — яўрэі”.
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- ЭканомікаЧысты прыбытак рэзідэнтаў "Вялікага каменя" за тры кварталы зменшыўся ў 1,6 разаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаУ студзені — кастрычніку рознічны тавараабарот вырас на 8,9% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Эканоміка
- ЭканомікаЗапазычанасць прадпрыемстваў за год вырасла на 15% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+



