Мінск 12:14

Беларускія пагранічнікі знайшлі на мяжы з Латвіяй цела замежніцы

Відэа: прэс-служба СК / стоп-кадр: "Позірк"

16 лістапада, Позірк. Цела замежніцы знайшлі беларускія пагранічнікі ўдзень 14 лістапада ў Верхнядзвінскім раёне (Віцебская вобласць), які мяжуе з Латвіяй, паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

На месца была выкліканая следча-аператыўная група. Дакументаў, сродкаў сувязі і асабістых рэчаў загінулай падчас агляду не выявілі.

Для высвятлення дакладнай прычыны смерці прызначаная судова-медыцынская экспертыза. Праверку праводзіць Верхнядзвінскі раённы аддзел СК.

Паводле паведамлення Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, апошні раз “труп уцекача” пагранічнікі знайшлі 2 чэрвеня. Тады “цела замежніка арабскай знешнасці” было выяўленае ў Браслаўскім раёне (Віцебская вобласць).

Агулам на мяжы Беларусі з краінамі ЕС, паводле інфармацыі сілавых структур, знойдзена больш за 80 загінулых мігрантаў.

Беларускія ўлады рэгулярна паведамляюць пра пакуты, фізічныя траўмы і гібель замежнікаў на мяжы з краінамі ЕС, нязменна ўскладаючы адказнасць за гэта на супрацоўнікаў сілавых ведамстваў Польшчы, Літвы і Латвіі. Пры гэтым беларускі бок не паведамляе, як мігранты апынаюцца на мяжы з краінамі ЕС у зоне адказнасці пагранічнага ведамства.

6 лістапада міністр замежных спраў Латвіі Байба Бражэ заявіла ў Варшаве на нефармальнай сустрэчы кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў краін Савета дзяржаў Балтыйскага мора і Украіны, што ціск на латвійскую мяжу праз “арганізаваную Беларуссю нелегальную міграцыю” пастаянна ўзмацняецца.

Чыноўніца звярнула ўвагу на тое, што ў 2026 годзе прадухілена ўжо “амаль 13 тысяч выпадкаў незаконнага перасячэння мяжы Латвіі, а значыць, мяжы Еўрасаюза і НАТО”.

З 11 жніўня як мінімум да 31 снежня латвійскія ўлады праводзяць на мяжы спецаперацыю Vilkatis (“Ваўкалак”). Мэта — “істотнае скарачэнне колькасці незаконных перасячэнняў мяжы і недапушчэнне іх у далейшым”.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС цягнецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Праведзены “Позіркам” аналіз масіву аператыўных даных памежных службаў суседніх краін ЕС сведчыць, што ад пачатку 2026 года менавіта Латвія зазнае найбольшы міграцыйны ціск.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія пагранічнікі не будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія накіроўваюцца ў Еўрасаюз праз Беларусь, бо тых туды нібыта “паклікалі”, а сам ЕС “душыць” Мінск санкцыямі.

Падзяліцца: