Мінск 11:44

У замежніка, што жыве ў Бабруйску, забраныя пісталет, два рэвальверы і старыя боепрыпасы — распачатая крымінальная справа

Відэа: прэс-служба МУС / стоп-кадр: "Позірк"

16 лістапада, Позірк. Пісталет ТТ, два рэвальверы і боепрыпасы часоў Другой сусветнай вайны выяўленыя ў кватэры і гаражы 53-гадовага “грамадзяніна суседняй краіны”, які жыве ў Бабруйску (Магілёўская вобласць), паведамляе прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.

Паводле інфармацыі ведамства, на мужчыну выйшлі аператыўнікі мінскага ўпраўлення ГУБАЗіК МУС.

“Фігурант легальна набыў згаданую зброю ў сябе на радзіме ў афіцыйнай краме і разам з дакументамі прывёз у Беларусь, — гаворыцца ў паведамленні. — У сувязі з тым, што вырабы былі сігнальнымі, дазвол на іх захоўванне не патрабаваўся. Аднак, быўшы вайсковым пенсіянерам і маючы глыбокія веды ў зброевай справе, мужчына ўласнаручна ўнёс змены ў іх канструкцыю. Паводле заключэння эксперта, пасля пераробкі пісталет і рэвальверы сталі агнястрэльнай зброяй, прыдатнай для стральбы”.

Паводле сцвярджэння МУС, раней мужчына займаўся “нелегальнымі раскопкамі і знайшоў вынятыя боепрыпасы з дапамогай металашукальніка”.

Распачатая крымінальная справа.

5 лістапада стала вядома, што крымінальная справа распачатая ў дачыненні да 52-гадовага жыхара Полацка (Віцебская вобласць), дома ў якога было знойдзена шэсць адзінак самаробнай агнястрэльнай зброі, два самаробныя глушыльнікі, патроны і порах.

Напрыканцы мінулага месяца міністэрства падвяло вынікі асноўнага этапу штогадовай аперацыі “Арсенал”, які прайшоў 19–23 кастрычніка. Было заяўлена, што з незаконнага абароту вынята 52 адзінкі наразной і гладкаствольнай зброі, больш за 4 тыс. боепрыпасаў, 33 пнеўматычныя вінтоўкі з узмоцненай кінетычнай энергіяй, звыш 24 кг выбуховых рэчываў і амаль 2 тыс. выбухованебяспечных прадметаў часоў Другой сусветнай вайны.

Агулам праверана 119 чалавек, праведзена 175 вобшукаў і аглядаў. Сярод забранага — порах, траціл, тол, міны, снарады, гранаты і запальнікі.

За незаконнае захоўванне, перавозку, збыт і выраб зброі і боепрыпасаў прадугледжаная адміністрацыйная і крымінальная адказнасць. Асобы, якія добраахвотна здалі незарэгістраваную зброю, боепрыпасы і выбуховыя рэчывы, вызваляюцца ад адказнасці.

Падзяліцца: