Мінск 11:33

У Беларусі пачалася праверка органаў пагранслужбы, манеўраныя групы прыведзеныя ў найвышэйшую ступень баявой гатоўнасці

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Дзяржпагранкамітэта

16 лістапада, Позірк. Раптоўная праверка органаў пагранічнай службы пачалася 16 лістапада ў Беларусі, вынікае з інфармацыі Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

Паводле інфармацыі ведамства, дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч паведаміў, што праверка праводзіцца ў рамках задумы, зацверджанай Аляксандрам Лукашэнкам на 2026 год.

Паводле слоў чыноўніка, “асаблівая ўвага” падчас праверкі будзе нададзеная “манеўраным групам тэрытарыяльных органаў пагранічнай службы”.

“За апошнія тры-чатыры гады манеўраныя групы пагранічных злучэнняў Беларусі зрабілі вялікія крокі ва ўдасканаленні, укамплектаванні і падрыхтоўцы асабовага складу, — заявіў старшыня Дзяржпагранкамітэта Канстанцін Моластаў. — Гэтая праверка — магчымасць праявіць сябе, паказаць сваю гатоўнасць, рашучасць да выканання задач па ахове дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь”.

Адзначаецца, што ўсе манеўраныя групы прыведзеныя ў найвышэйшую ступень баявой гатоўнасці. Паводле інфармацыі пагранічнага ведамства, ім трэба будзе “здзейсніць маршы, адпрацаваць дзеянні па нейтралізацыі дыверсійных груп, а таксама прайсці кантрольныя заняткі па агнявой, фізічнай і тактычнай падрыхтоўцы”.

Праверка баявой гатоўнасці сілавых структур на падставе даручэння Аляксандра Лукашэнкі праводзіцца ад пачатку года ў некалькі этапаў. У студзені — лютым пад праверку трапіла 19-я асобная механізаваная брыгада (Заслонава, Віцебская вобласць); лютым — асобныя часці Заходняга і Паўночна-Заходняга аператыўных камандаванняў і сіл спецыяльных аперацый; сакавіку — 8-я брыгада радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны (Старыя Дарогі, Мінская вобласць), а таксама Ваенна-паветраныя сілы і войскі СПА; жніўні — 51-я артылерыйская брыгада (Асіповічы, Магілёўская вобласць); верасні — 7-я асобная спецыяльная міліцэйская брыгада ўнутраных войскаў МУС (Віцебск), танкавы батальён згаданай 19-й асобнай механізаванай брыгады, а таксама зноў ВПС і войскі СПА; кастрычніку — падраздзяленне 6-й асобнай механізаванай брыгады (Гродна).

13 кастрычніка Вальфовіч анансаваў праверкі сіл спецыяльных аперацый і пагранічнікаў.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны. На гэтым фоне кіроўны рэжым практычна бесперапынна праводзіць вучэнні сілавікоў.

Падзяліцца: