Мінск 16:29

Начальнік ДАІ анансаваў “кардынальнае ўзмацненне кантролю” за перавозчыкамі

Відэа: прэс-служба МУС / стоп-кадр: "Позірк"

14 лістапада, Позірк. Захады па “кардынальным узмацненні кантролю за выкананнем перавозчыкамі заканадаўства ў сферы забеспячэння бяспекі руху” прыме Дзяржаўтаінспекцыя сумесна з Транспартнай інспекцыяй Мінтранса ды “іншымі зацікаўленымі ведамствамі”, заявіў 14 лістапада начальнік галоўнага ўпраўлення ДАІ МУС Віктар Ротчанкаў.

Міліцэйскі начальнік выказаўся на гэты конт, каментуючы дзве нядаўнія аўтамабільныя аварыі, у выніку якіх людзі атрымалі траўмы і загінулі.

“Сёння ранкам на аўтадарозе Р-43 у Старадарожскім раёне 21-гадовы кіроўца мікрааўтобуса “Мэрсэдэс”, задзейнічанага ў перавозках маркетплэйса, выехаў на паласу сустрэчнага руху і здзейсніў лабавое сутыкненне з аўтацягніком. Абодва кіроўцы і 19-гадовая дзяўчына — пасажырка мікрааўтобуса памерлі на месцы ДТЗ, — цытуе чыноўніка прэс-служба МУС. — Дэталі трагедыі паказваюць на сістэмнае грэбаванне базавымі нормамі бяспекі. Паводле папярэдняй інфармацыі, прычынамі здарэння маглі стацца парушэнне рэжыму працы і адпачынку, тэхнічны стан транспартнага сродку і перавышэнне хуткасці”.

Паводле слоў Ротчанкава, кіроўца мікрааўтобуса неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за грубыя парушэнні: “У дачыненні да яго вынесеная пастанова аб пазбаўленні права кіравання, якая мела набыць моц 24 лістапада”. У сваю чаргу кіроўца грузавіка, з якім сутыкнуўся мікрааўтобус, “не быў прышпілены рамянём бяспекі”, канстатаваў начальнік ДАІ.

“Дарэчы, высветлена, што спадарожнай прычынай учарашняга ДТЗ у Гомельскай вобласці з удзелам маршрутнага транспартнага сродку таксама стала парушэнне рэжыму працы і адпачынку кіроўцам, які ажыццяўляў грузаперавозку”, — падкрэсліў ён.

Ротчанкаў паведаміў, што “пра сітуацыю, якая зараз склалася”, ДАІ праінфармуе “ўсе органы, задзейнічаныя ў дзяржаўным кантролі дарожнага руху”.

Аварыя ў Старадарожскім раёне (Мінская вобласць) здарылася а 7-й гадзіне раніцы 14 лістапада на 292-м кіламетры трасы Р-43 (мяжа РФ — Крычаў — Бабруйск — Івацэвічы). Кіроўцу грузавіка, у які ўрэзаўся мікрааўтобус, было 54 гады. Па факце смяротнай аварыі распачатая крымінальная справа.

Напярэдадні ўдзень у Жыткавіцкім раёне (Гомельская вобласць) на 306-м кіламетры дарогі М-10 (мяжа РФ — Гомель — Кобрын) 27-гадовы кіроўца грузавіка “Івека”, здзяйсняючы абгон, выехаў на сустрэчную паласу і сутыкнуўся з маршрутным таксі, якое ехала з Мінска ў Петрыкаў.

У салоне мікрааўтобуса было 13 чалавек. Паводле інфармацыі МУС, для абследавання ў бальніцу былі дастаўленыя 10 чалавек, сярод якіх трое дзяцей. Следчы камітэт пазней напісаў, што ў медыцынскія ўстановы для абследавання і аказання дапамогі дастаўленыя два кіроўцы і пасажыры маршруткі.

Падзяліцца: