Мінск 20:34

У Мінскім раёне сутыкнуліся мікрааўтобус і легкавы аўтамабіль — адзін чалавек загінуў, дзевяць дастаўлена на агляд у бальніцу

Фота: ДАІ Мінскай вобласці

14 лістапада, Позірк. Аўтамабільная аварыя са шматлікімі пацярпелымі здарылася ўдзень 14 лістапада ў Мінскім раёне, паведамляе УУС Мінаблвыканкама.

Паводле інфармацыі тэрытарыяльнага ўпраўлення ўнутраных спраў, каля 16:40 на 19-м кіламетры дарогі М-4 (Мінск — Магілёў) сутыкнуліся мікрааўтобус “Мэрсэдэс” пад кіраваннем 34-гадовага кіроўцы і легкавы аўтамабіль “Нісан”, асоба кіроўцы якога высвятляецца. Транспартныя сродкі рухаліся ў адным кірунку.

Паведамляецца, што кіроўца “Нісана” загінуў на месцы, яго пасажыру там жа спатрэбілася медыцынская дапамога.

У “Мэрсэдэсе” было 14 чалавек — дзевяцярых даставілі ў медыцынскую ўстанову для агляду.

Ранкам 14 лістапада ў Старадарожскім раёне (Мінская вобласць) здарылася лабавое сутыкненне мікрааўтобуса, ў якім апрача 21-гадовага кіроўцы знаходзілася 19-гадовая пасажырка, і грузавіка, за стырном якога быў 54-гадовы мужчына. Усе трое загінулі на месцы. Паведамлялася, што мікрааўтобус выехаў на сустрэчную паласу. Па факце смяротнай аварыі распачатая крымінальная справа.

Напярэдадні ўдзень у Жыткавіцкім раёне (Гомельская вобласць) 27-гадовы кіроўца грузавіка, здзяйсняючы абгон, выехаў на сустрэчную паласу і сутыкнуўся з маршрутным таксі, якое ехала з Мінска ў Петрыкаў. У салоне мікрааўтобуса было 13 чалавек. Паводле інфармацыі МУС, для абследавання ў бальніцу былі дастаўленыя 10 чалавек, сярод якіх трое дзяцей. Следчы камітэт пазней напісаў, што ў медыцынскія ўстановы для абследавання і аказання дапамогі дастаўленыя два кіроўцы і пасажыры маршруткі.

Пасля аварыі ў Старадарожскім раёне начальнік галоўнага ўпраўлення Дзяржаўтаінспекцыі МУС Віктар Ротчанкаў заявіў, што да яе маглі прывесці “парушэнне рэжыму працы і адпачынку, тэхнічны стан транспартнага сродку і перавышэнне хуткасці”. “Спадарожнай прычынай” ДТЗ у Гомельскай вобласці ён назваў “парушэнне рэжыму працы і адпачынку кіроўцам, які ажыццяўляў грузаперавозку”.

Міліцэйскі начальнік анансаваў захады па “кардынальным узмацненні кантролю за выкананнем перавозчыкамі заканадаўства ў сферы гарантавання бяспекі руху”, якія ДАІ прыме сумесна з Транспартнай інспекцыяй Мінтранса ды “іншымі зацікаўленымі ведамствамі”.

Падзяліцца: