Мінск 15:21

Лукашэнка ўхваліў праект пагаднення з РФ аб агульнай аграрнай палітыцы

Ілюстрацыйнае фота: David Becker / unsplash.com

16 лістапада, Позірк. Праект міжнароднага пагаднення паміж Беларуссю і Расіяй аб правядзенні агульнай аграрнай палітыкі ў рамках Саюзнай дзяржавы ўхваліў Аляксандр Лукашэнка, паведаміла 16 лістапада яго прэс-служба.

Дагаворам замацоўваюцца асноўная мэта і кірункі рэалізацыі аграрнай палітыкі. Заключэнне пагаднення, як сцвярджаецца, “будзе спрыяць развіццю агульнага аграрнага рынку Саюзнай дзяржавы”.

Лукашэнка даручыў Міністэрству сельскай гаспадаркі і харчавання правесці далейшыя перамовы з расійскім бокам, пасля чаго падпісаць гэты дакумент.

Дагавор прадугледжвае ўніфікацыю заканадаўства ў аграрнай сферы для “эфектыўнага выкарыстання рэсурсаў, фармавання агульнага рынку, дасягнення парытэту цэн на сельгаспрадукцыю, забеспячэння яе якасці”.

Акрамя таго, Мінск і Масква маюць намер разам абараняць свой агульны рынак ад нядобрасумленнай канкурэнцыі, а таксама харчовую бяспеку.

На працягу 30 дзён пасля падпісання дакумента плануецца стварыць рабочую групу на чале з намеснікамі міністраў, якія адказваюць за сельскую гаспадарку. У яе, як чакаецца, увойдуць прадстаўнікі аграрнага сектара, рэгулятараў, а таксама эксперты.

Па выніках студзеня — верасня 2026 года вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі ў Еўразійскім эканамічным саюзе зменшылася на 0,6% (тут і далей у гадавым вымярэнні).

У Кыргызстане сельгасвытворчасць вырасла на 6,5%, Казахстане — на 5,8%, Беларусі — на 4,6%; у Расіі — скарацілася на 2,6%, Арменіі — на 4,2%.

Падзяліцца: