Мінск 13:17

Ад пачатку лістапада Брэсцкая мытня выявіла 10 выпадкаў незаконнай запраўкі замежных грузавікоў

Ілюстрацыйнае фота: Дзяржпагранкамітэт

16 лістапада, Позірк. Ад пачатку лістапада 2026 года Брэсцкая мытня выявіла 10 выпадкаў “парушэння вызначанага парадку руху і запраўкі замежных транспартных сродкаў”, паведаміла 16 лістапада прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта.

Паводле звестак ведамства, кіроўцы замежных грузаперавозчыкаў карысталіся паслугамі грамадзян, якія арганізавалі перасоўныя аўтазаправачныя станцыі. Мабільныя АЗС прадстаўлялі сабой транспартныя сродкі, абсталяваныя ёмістасцямі для захоўвання да 1 тыс. літраў паліва, помпамі, шлангамі і заправачнымі пісталетамі.

Заяўлена, што ў дачыненні да кіроўцаў распачатыя адміністрацыйныя працэсы паводле арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню або патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёю службовых паўнамоцтваў). Дзеянні грамадзян, якія аказвалі паслугі па запраўцы, “таксама атрымаюць прававую ацэнку”, адзначыў ДМК.

Ведамства нагадала, што для асобных катэгорый замежных грузавых аўтамабіляў дзейнічае адмысловы парадак руху ад пункта пропуску да месцаў перагрузкі, перачэпкі і запраўкі. Запраўляцца ім дазволена толькі на станцыях, уключаных у пералік, зацверджаны пастановай Савета міністраў № 599.

26 кастрычніка стала вядома, што гродзенскія мытнікі выявілі аналагічнае парушэнне ля пункта пропуску Бераставіца. Кіроўца польскай транспартнай кампаніі скарыстаўся паслугамі ўладальніка перасоўнай АЗС (мікрааўтобус “Форд Транзіт” быў абсталяваны ёмістасцю для паліва на 1 тыс. літраў). Матэрыялы праверкі ў дачыненні да арганізатара запраўкі былі накіраваныя ў падатковыя органы.

Паводле даных Генпракуратуры на 10 верасня, ад пачатку года выяўлена больш за 20 выпадкаў запраўкі зарэгістраваных у краінах ЕС грузавікоў і цягачоў па-за адмыслова вызначанымі месцамі. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнулі 24 чалавекі, у тым ліку 17 грамадзян Беларусі.

Падзяліцца: