Мінск 15:27

Магілеўскі бізнесмен абвінавачваецца ў злоўжыванні паўнамоцтвамі, нанесеная шкода ацэненая ў 1 млн рублёў

16 лістапада, Позірк. Об накіраванні ў суд крымінальнай справы 50-гадовага жыхара Магілёва, якому інкрымінавана злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі з цяжкімі наступствамі (ч. 3 арт. 424 КК), паведаміла пракуратура вобласці.

Паводле матэрыялаў справы, мужчына быў заснавальнікам і дырэктарам дзвюх камерцыйных арганізацый, якія спецыялізаваліся на будаўнічых працах.

З сакавіка 2019 года па травень 2026-га ён заключыў дамовы з 17 арганізацыямі, атрымаў перадаплату, аднак свае абавязацельствы не выканаў або выканаў часткова. 

Пры гэтым, адзначаецца ў паведамленні, выкарыстоўваючы службовыя паўнамоцтвы па распараджэнні грашовымі сродкамі, фігурант “сістэматычна пераводзіў грошы з рахункаў кампаній на іншыя банкаўскія рахункі, якія знаходзіліся пад яго кантролем”.

Акрамя таго, мужчына заключыў дамовы арэнды будаўнічай тэхнікі і абсталявання з чатырма індывідуальнымі прадпрымальнікамі, але пасля заканчэння тэрмінаў арэнды маёмасць не вярнуў і арэндную плату не ўнёс.

“Прычыненая індывідуальным прадпрымальнікам і арганізацыям шкода перавысіла 1 млн рублёў”, — гаворыцца ў паведамленні.

Сцвярджаецца, што атрыманыя грошы абвінавачаны траціў на ўласныя патрэбы: “Мужчына ажыццяўляў пакупкі на маркетплэйсах, аплачваў адміністрацыйныя спагнанні ў выглядзе штрафаў па лініі ДАІ і арэнду кватэры для сына, набываў валюту”.

Значную суму грошай ён таксама перавёў на рахунак камерцыйнай арганізацыі сваяка.

Фігурант знаходзіцца пад вартай. Яму пагражае пазбаўленне волі тэрмінам ад трох да дзесяці гадоў са штрафам або без яго, а таксама з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.

Падзяліцца: