Мінск 16:35

КДК выявіў завышэнне каштарысаў на 408 тыс. рублёў пры рамонце шасці вуліц у Калінкавіцкім раёне

16 лістапада, Позірк. Завышэнне кошту рамонту шасці вуліц у Калінкавіцкім раёне (Гомельская вобласць) выявіў Камітэт дзяржкантролю.

Як паведамляе ведамства, гаворка пра вуліцы ў раённым цэнтры і аграгарадку Сырод.

Пасля праверкі каштарысаў кошт работ паменшылі на 408 тыс. рублёў, яшчэ 68 тыс. рублёў вернута ў бюджэт. Адзначаецца, што павелічэнне кошту адбылося па віне падрадчыка, які ўключыў у “калькуляцыю кошту асфальтабетонных сумесяў выдаткі, якія фактычна не панёс”. У выніку, як заяўляе КДК, “кошт асфальтабетону ў лакальных каштарысах быў завышаны больш чым на 15%”.

2 лістапада 2026 года паведамлялася аб узбуджэнні ў Гомельскай вобласці крымінальнай справы ў дачыненні да галоўнага інжынера будаўнічай арганізацыі. Падрадчык уключаў у акты нявыкананыя працы і нявыкарыстаныя матэрыялы, кошт якіх быў завышаны. Замест прадугледжанай праектам сумесі з цаглянай крошкі з керамічнымі грануламі выкарыстоўвалі звычайны друз, які танней у 190 разоў. Пасля праверкі падрадчык вярнуў у бюджэт больш за 50 тыс. рублёў.

20 кастрычніка 2026 года стала вядома, што КДК выявіў завышэнне каштарысаў амаль на 640 тыс. рублёў пры будаўніцтве сельскагаспадарчых аб’ектаў і рэканструкцыі меліярацыйнай сістэмы ў Гомельскай вобласці. У прыватнасці, кошт будаўніцтва свінагадоўчага комплексу ў Мазырскім раёне быў завышаны амаль на 500 тыс. рублёў.

Падзяліцца: