Мінск 19:40

Кантралёры знайшлі пратэрмінаваныя прадукты ў дзвюх школах Віцебскай вобласці

Фота: прэс-служба КДК

17 лістапада, Позірк. Пратэрмінаваныя прадукты, а таксама прадукты, што не пасуюць патрабаванням дзіцячага харчавання, выяўленыя ў шэрагу школ Віцебскай вобласці, паведамляе прэс-служба Камітэта дзяржаўнага кантролю.

Паводле інфармацыі ведамства, спецыялісты абласнога ўпраўлення КДК выявілі парушэнні падчас праверак школьных сталовых Бешанковіцкага і Гарадоцкага раёнаў.

У дзвюх школах было знойдзена 7,6 кг свініны і 4,2 кг памідораў са скончаным тэрмінам прыдатнасці.

Акрамя таго, у выніку праверак у названых раёнах з абарачэння вынялі сок, алей, харчовы канцэнтрат кісялю і вараную каўбасу, склад якіх не адпавядаў патрабаванням да прадуктаў для харчавання дзяцей і падлеткаў.

Тавары на суму 4,6 тыс. рублёў вернутыя пастаўшчыкам.

Установам адукацыі накіраваныя рэкамендацыі адносна таго, як выправіць парушэнні санітарных патрабаванняў. Некаторыя рэкамендацыі тычацца абнаўлення інвентару, набыцця сталовага посуду і санітарнай апрацоўкі абсталявання.

31 сакавіка паведамлялася пра распачатую крымінальную справу праз крадзеж прадуктаў са школьных сталовых Брэста. Паводле звестак Генеральнай пракуратуры, загадчыкі вытворчасці дзвюх школ уступілі ў змову з кухоннымі работнікамі, кухарамі і кіроўцамі, якія перавозілі прадукты. Са студзеня да 24 сакавіка яны арганізавалі памяншэнне нормаў гатовай прадукцыі для школьнікаў пяці ўстаноў адукацыі, а ўтвораныя няўлічаныя лішкі кралі. Шкода склала не менш за 4,9 тыс. рублёў. Праверка таксама выявіла шматлікія парушэнні санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства.

1 верасня харчаванне ў школах падаражэла на 5% на падставе рашэння ўрада. Кошт будзе расці штогод “аўтаматычна з улікам змянення рознічных цэн на прадукты харчавання”.

Папярэдні раз школьнае харчаванне даражэла 1 кастрычніка 2025 года (таксама на 5%).

У 2025–2026 гадах кошт школьнага харчавання складаў ад 2,08 да 3,29 рубля на дзень у залежнасці ад рэгіёна, базавых нормаў харчавання і выкарыстання падвышальных каэфіцыентаў.

Падзяліцца: