Мінск 17:21

Рассельгаснагляд вярнуў у Беларусь 800 кг мясных вырабаў

22 верасня, Позірк. У ноч на 18 верасня ў Бранскай вобласці спынена чарговая спроба незаконнага ўвозу мясной прадукцыі з Беларусі, паведаміла 22 верасня Федэральная служба РФ па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе (Рассельгаснагляд).

Адзначаецца, што расійскі перавозчык набыў гатовую мясную прадукцыю на адным з гомельскіх прадпрыемстваў, якое не ўнесена ў рэестр Мытнага саюза, які дае права на экспарт у Расію. Транспарціроўка ажыццяўлялася без ветэрынарных суправаджальных дакументаў з грубымі парушэннямі ветэрынарна-санітарных правіл.

“Небяспечная прадукцыя вернутая на сумежную тэрыторыю. Перавозчык прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Падатковыя органы Расіі апавешчаныя пра яго дзейнасць“, — гаворыцца ў паведамленні.

Ад пачатку года Рассельгаснагляд спыніў увоз больш як 24 т прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў, якая перамяшчаецца без ветэрынарных суправаджальных дакументаў, у тым ліку абыходзячы афіцыйныя пункты ветэрынарнага кантролю.

9 верасня Рассельгаснагляд не прапусціў 100 кг каўбасы з Беларусі.

3 верасня Рассельгаснагляд паведамляў аб спыненні трох спроб незаконнага перамяшчэння агулам 750 кг гатовай мясной і малочнай прадукцыі, якая перавозілася з Беларусі. Яны былі выяўлены з 20 да 27 жніўня ў вёсцы Лабок той жа вобласці РФ.

24 ліпеня ведамства паведаміла аб затрыманні каля тоны ялавічыны, якая ўвозілася з Беларусі.

30 ліпеня стала вядома пра утылізацыю партыі замарожаных крылаў кураня-бройлера, якія ўвозіліся з Беларусі з “фальсіфікаванымі ветэрынарнымі суправаджальнымі дакументамі”.

Падзяліцца: