Мінск 19:58

Яшчэ 8 чалавек прызнана палітвязнямі

16 кастрычніка, Позірк. Яшчэ восем чалавек прызнаныя ў Беларусі палітычнымі зняволенымі, вынікае з сумеснай заявы праваабарончых арганізацый. Цяпер гэты статус маюць 886 чалавек.

Паводле паведамлення праваабарончага цэнтра “Вясна“, 16 кастрычніка палітвязнямі прызнаныя Віктар Масько (асуджаны на 4 гады пазбаўлення волі; арт. 130, 361⁴, 3611, 368 Крымінальнага кодэкса), Галіна Усцюгова (тэрмін невядомы; арт. 130, 361, 3611, 361⁴, 3691), Антон Дакучаеў (2,5 года; арт. 130, 368), Інга Казючыц (пад вартай працяглы час; абвінавачанні паводле арт. 130, 367, 368, 361⁴), былы супрацоўнік міліцыі Сяргей Казінскі (8 гадоў; арт. 356), пілот Святаслаў Падвашэцкі (13 гадоў; арт. 356, ч. 1 арт. 328), падпалкоўнік у адстаўцы Дзмітрый Зара (пад вартай; вярнуўся з Польшчы, дзе працаваў у камандзе Валерыя Сахашчыка) і Аляксандр Руткевіч (тэрмін невядомы).

18 верасня Усцюгова была ўключаная ў спіс “асобаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці“. Масько дададзены 29 верасня ў спіс “асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці”.

Аўтары заявы патрабуюць неадкладна перагледзець прысуды і меры стрымання ў дачыненні да ўсіх палітвязняў, вызваліць іх, а таксама спыніць палітычныя рэпрэсіі.

Заяву падпісалі праваабарончы цэнтр “Вясна“, “Прававая ініцыятыва”, Lawtrend, Беларускі ПЭН, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Беларуская асацыяцыя журналістаў і Human Constanta.

Даведка “Позірку“:

артыкул 130 КК — распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы;

арт. 356 — здрада дзяржаве;

арт. 361 — заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы;

арт. 3611 — стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім;

арт. 361⁴ — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці;

арт. 3691 — дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь;

арт. 368 — абраза прэзідэнта;

арт. 367 — паклёп у дачыненні да прэзідэнта;

арт. 328 — незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў.

Падзяліцца: