Мінск 22:58

Літоўскія памежнікі прызямлілі трохметровы дрон, які прыляцеў з Беларусі, — кантрабанды ў ім не знойдзена

Фота: САДМ

22 чэрвеня, Позірк. Аб перахопе ў ноч на 21 чэрвеня чарговага беспілотніка, які меркавана выкарыстоўваўся для кантрабанды беларускіх цыгарэт, паведаміла Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы (САДМ).

БПЛА перахоплены ў Шальчыніцкім раёне. Звяртаецца ўвага, што размах крыла ў яго складае каля трох метраў.

“Падчас зніжэння ў цемры ён пачаў кружыць і праз некаторы час упаў у баку ад месца, дзе непасрэдна ля мяжы знаходзіліся супрацоўнікі заставы імя Гінтараса Жагуніса”, — адзначае памежная служба.

Апарат быў знойдзены раніцай 21 чэрвеня. Побач з ім, як паведамляецца, “ляжаў парашут, які раскрыўся”. САДМ мяркуе, што ён “раскрыўся пасля таго, як у апарата разрадзіліся акумулятары”. “У такім выпадку парашут забяспечвае мяккую пасадку, каб захаваць апарат цэлым, што і адбылося ў дадзеным выпадку”, — гаворыцца ў рэлізе.

“У корпусе самалёта маецца паражніна, якая меркавана прызначана для перавозкі кантрабандных цыгарэт і іх скіду ў пэўны момант. Не выключана, што гэта было зроблена падчас начнога палёту, таму 22 чэрвеня памежнікі працягнулі пошукі такога грузу ў ваколіцах”, — адзначае ведамства.

Паводле звестак САДМ, сёлета літоўскія памежнікі перахапілі 25 БПЛА, прызначаных для дастаўкі цыгарэт з Беларусі. Летась такіх дронаў было 59, у 2024-м — 54.

Падзяліцца: