Мінск 15:03

На патрабаванне Польшчы за мінулы тыдзень краіну добраахвотна пакінула 16 беларусаў

Ілюстрацыйнае фота: Памежная ахова Польшчы

18 чэрвеня, Позірк. З 8 па 14 чэрвеня больш за 220 замежнікаў пакінула Польшчу на патрабаванне ўладаў, паведамляе Памежная ахова гэтай краіны.

Добраахвотна польскую тэрыторыю пакінула 16 грамадзянін Беларусі (Украіны — 47 добраахвотна, 56 прымусова; Калумбіі — 14 і 4 адпаведна; Грузіі — 3 прымусова).

“Сярод затрыманых замежнікаў былі, у прыватнасці, асобы, асуджаныя за замах на забойства, нанясенне шкоды здароўю, неаднаразовыя крадзяжы, разбой, ужыванне гвалту з мэтай спагнання запазычанасці, парушэнне цялеснай недатыкальнасці і крадзеж з узломам, — гаворыцца ў паведамленні. — Частцы з іх былі выстаўленыя абвінавачанні ў сувязі з неаказаннем дапамогі асобе, якая знаходзілася ў сітуацыі непасрэднай пагрозы жыццю або нанясення цяжкай шкоды здароўю, выкарыстаннем чужога дакумента, а таксама знішчэннем (прывядзеннем у непрыдатнасць) дакумента”.

З 1 па 7 чэрвеня тэрыторыю Польшчы на патрабаванне ўладаў пакінула 35 грамадзян Беларусі (добраахвотна — 33, прымусова — 2), 25–31 траўня — 16, 18–24 траўня — 22 (у абодвух выпадках — добраахвотна), 11—17 траўня — 26 (добраахвотна — 20, прымусова — 6), 4–10 траўня — 19 (14 і 5 адпаведна); 20–26 красавіка — 21 (16 і 5); 13–19 красавіка — 24 (18 і 6); 6–12 красавіка — 24 (усе — добраахвотна).

У сярэдзіне сакавіка беларуская праваабарончая ініцыятыва Dissidentby апублікавала адказ Памежнай аховы Польшчы, з якога вынікала, што за папярэднія таму моманту 2,5 месяца на патрабаванне ўладаў краіну добраахвотна ці прымусова пакінула 192 грамадзяніны Беларусі.

У 2025 годзе Памежная ахова выканала больш за 9,4 тыс. рашэнняў, якія прадпісваюць замежнікам пакінуць тэрыторыю краіны ў добраахвотным або прымусовым парадку, паведамляў раней партал onet.pl, які атрымаў адпаведныя даныя ў адказ на свой зварот у ведамства.

Грамадзян Беларусі тычылася амаль 1,3 тыс. (onet.pl апераваў прыблізнымі лічбамі), ці крыху менш за 14% усіх рашэнняў. Адзначалася, што з гэтай колькасці “каля 130” беларусаў было выслана прымусова (прыкладна 10%).

Згодна з прадстаўленымі ў матэрыяле данымі, за 2024 год (у гэтым выпадку выкарыстаныя дакладныя лічбы) з Польшчы было дэпартавана 1.377 грамадзян Беларусі, у тым ліку прымусова — 66.

Падзяліцца: