Мінск 21:16

У Польшчы будуць судзіць беларуса — кіроўцу аўтобуса, які патрапіў у аварыю ў снежні мінулага года

Фота: Tingey Injury Law Firm / unsplash.com

17 чэрвеня, Позірк. Суд над 35-гадовым грамадзянінам Беларусі Раманам С., кіроўцам аўтобуса, які ў снежні 2025 года справакаваў аварыю, пройдзе ў Польшчы, вынікае з паведамлення раённай пракуратуры Жэшува.

Адзначаецца, што 12 чэрвеня ў суд накіравана абвінаваўчае заключэнне па справе. За ненаўмыснае стварэнне ДТЗ беларусу можа пагражаць да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Аб ДТЗ паведамлялася 14 снежня 2025 года. Аўтобус, якім кіраваў Раман С., вёз беларускіх турыстаў у Будапешт. Паводле папярэдняй версіі, ён заснуў за рулём.

17 снежня стала вядома, што кіроўцу выстаўленае абвінавачванне ў ненаўмысным учыненні ДТЗ.

Адзначалася, што “мужчына кіраваў аўтобусам, які перавозіў 47 беларускіх турыстаў і трапіў у аварыю ў нядзелю на з’ездзе з трасы S19 на кальцавую развязку ім. Яцэка Куроня ў Жэшуве Падкарпацкае ваяводства)”: “У выніку інцыдэнту пацярпела больш за дзясятак чалавек”.

Паводле інфармацыі пракуратуры, “празмерная, непрыстасаваная да пагодных умоў хуткасць, не захаванне асаблівай асцярожнасці, памылковая ацэнка сітуацыі на дарозе, дрэнная тэхніка кіравання прывялі да таго, што ён страціў кантроль над аўтобусам падчас уезду на кальцо. У выніку аўтобус праехаў праз цэнтр кальца, перасёк пешаходную дарогу, пратараніў агароджу і заехаў на зялёную зону”.

Паведамлялася, што 14 пасажыраў былі дастаўленыя ў бальніцы Жэшува пасля аварыі, але іх траўмы не пагражалі жыццю, і ўсе яны былі выпісаныя.

Кіроўца аўтобуса быў цвярозы, ён прызнаў віну і пацвердзіў, што заснуў за рулём.

Падзяліцца: