Мінск 19:50

Ціханоўская пра атаку аўтобуса ў Бранскай вобласці: Вінаватыя людзі ва ўладзе, якія безадказна адправілі дзяцей праз зону ваенных дзеянняў

Фота: тэлеграм-канал выконваючага абавязкі губернатара Бранскай вобласці Ягора Кавальчука

17 чэрвеня, Позірк. “Расія — агрэсар, і менавіта яна нясе галоўную адказнасць за кожную смерць і кожнае раненне, звязаныя з гэтай вайной“, — заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, каментуючы атаку БПЛА па аўтобусе з беларускімі дзецьмі ў Бранскай вобласці (РФ).

“Маё сэрца — з усімі пацярпелымі і іх роднымі. Дзеці і дарослыя, якія былі з побач імі, — нявінныя ахвяры”, — адзначыла палітык.

Ціханоўская нагадала, што “гэтую вайну пачала Расія”, і адзначыла, што вінаватыя таксама і “тыя прадстаўнікі дзяржавы, якія безадказна адправілі дзяцей праз памежную зону ваенных дзеянняў”.

Дэмлідар падкрэсліла, што тое, што адбылося — не “супадзенне”, а “канкрэтнае рашэнне канкрэтных людзей ва ўладзе, якія абыякава паставіліся да таго, як дзеці трапяць на адпачынак”.

“І вінаватая беларуская дзяржаўная прапаганда, якая гадамі замоўчвае праўду пра вайну і саўдзел у ёй рэжыму Лукашэнкі, каб стварыць фэйкавую карціну “мірнага неба” і бяспекі”, — заявіла Ціханоўская.

Яна заклікала “берагчы сябе і сваіх блізкіх“, “не рызыкаваць жыццём — не ездзіць у Расію, якая вядзе злачынную і несправядлівую вайну”.

“Бяспека прыйдзе толькі тады, калі Расія спыніць гэтую вайну”, — падкрэсліла палітык.

17 чэрвеня ў Бранскай вобласці здарылася атака ўдарнага БПЛА па двухпавярховым аўтобусе дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы № 2 горада Рэчыца (Гомельская вобласць). У транспартным сродку, які рухаўся па маршруце Гомель — Геленджык, знаходзіліся 44 пасажыры, з іх 28 дзяцей-спартсменаў 2014–2015 гадоў нараджэння.

Сярод людзей, якія дзяцей суправаджалі, была жонка трэнера з рэчыцкай ДЮСШ-2, яна загінула.

Следчы камітэт Беларусі распачаў крымінальную справу.

Як паведамілі парталу Onlíner у Гомельскай абласной федэрацыі футбола, невядома, чаму гэтым разам дзеці паехалі дарогай праз Бранск, “звычайна ў іх быў іншы маршрут”.

Генштаб УСУ заявіў, што ўкраінскі бок не мае дачынення да атакі аўтобуса. Абвінавачванні ў гэтым спікер Генштаба Андрэй Кавалёў назваў “чарговай інфармацыйнай правакацыяй Крамля”.

Падзяліцца: