Мінск 11:31

З пачатку 2026 года ў Мінску абноўлена больш за 1 млн кв. м дарожнага пакрыцця — Гаррамаўтадар

13 лістапада, Позірк. У Мінску ў 2026 годзе цалкам заменена звыш 1 млн кв. м дарожнага пакрыцця на больш чым 90 участках дарог, паведамляе дзяржагенцтва “Мінск-Навіны” са спасылкай на прадпрыемства “Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама”.

У прыватнасці, абноўленыя ўчасткі дарожнага пакрыцця на вуліцах Пляханава, Чыгуначнай, Алібегава, Громава, Ваўпшасава, Філімонава, Астрашыцкай, Кабушкіна, Ангарскай, Нёманскай, Ціміразева, Скарыны, Нарачанскай, Магілёўскай, Каржанеўскага, праспекце Дзяржынскага, МКАД.

Адзначаецца, што па выніках года поўная замена пакрыцця будзе ажыццёўленая “на парадку 95 аб’ектах“. Работы вядуцца на вуліцах Лучыны, Шпілеўскага, Машынабудаўнікоў.

Ямачны рамонт выкананы на плошчы прыкладна 86 тыс. кв. м.

На 2025 год у Мінску быў запланаваны рамонт вулічна-дарожнай сеткі на плошчы не менш за 1 млн 350 тыс.кв. м. Па выніках года чыноўнікі паведамілі, што пакрыццё адрамантаванае на плошчы амаль 2 млн кв. м, пры гэтым на 1,2 млн кв. м цалкам (на ўсю шырыню праезнай часткі) замененае асфальтабетоннае пакрыццё (каля 70 участкаў вулічна-дарожнай сеткі).

Згодна з выніковымі справаздачамі Гаррамаўтадара, апублікаванымі ў канцы 2024-га і пачатку 2025 года, фактычны аб’ём усіх відаў рамонту вулічна-дарожнай сеткі ў Мінску за 2024 год склаў каля 1,9 млн кв. м. Пакрыццё на ўсю шырыню праезнай часткі заменена на плошчы 1,04 млн кв. м.

Падзяліцца: