Мінск 23:04

У пенсіянера ў Камянцы канфіскаваны вялікі арсенал агнястрэльнай зброі, распачатая крымінальная справа

Фота: УУС Брэсцкага аблвыканкама

17 чэрвеня, Позірк. Аб пачатку крымінальнай справы супраць 66-гадовага жыхара Камянца за незаконныя дзеянні ў дачыненні да зброі паведаміла УУС Брэсцкага аблвыканкама.

Адзначаецца, што супрацоўнікі 6-га ўпраўлення па Брэсцкай вобласці ГУБАЗіК МУС, якія мелі “аператыўную інфармацыю”, падчас агляду жылля пенсіянера выявілі “вялікі незарэгістраваны арсенал”.

У мужчыны былі канфіскаваныя 2 вінтоўкі, карабін, 4 двуствольныя паляўнічых стрэльбы, 1 аднаствольная паляўнічая стрэльба, 2 пнеўматычныя вінтоўкі, 3 спружынна-поршневыя пнеўматычныя вінтоўкі, кампаненты ручной стралковай наразной агнястрэльнай зброі, 8 запалаў да гранатаў і больш за 400 розных відаў патронаў да ручной наразной агнястрэльнай зброі.

“Падчас гутаркі з праваахоўнікамі фігурант растлумачыў, што даўно адчувае асаблівую цягу да зброі. З’яўляючыся паляўнічым, правапарушальнік з часам стаў займацца рамонтам, вырабам і збытам складовых частак і кампанентаў да агнястрэльнай зброі на заказ. Як паказаў пажылы жыхар Камянца, такім чынам ён меў дадатковы даход акрамя асноўнай працы”, — гаворыцца ў паведамленні.

Пенсіянера абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў) і ч. 2 арт. 297 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да газавай, пнеўматычнай або кідальнай зброі) Крымінальнага кодэкса.

Падзяліцца: