Мінск 18:05

Туск паведаміў аб вызваленні двух беларусаў, затрыманых у сувязі з забойствам расійскага мастака Скрэпецкага

Ілюстрацыйнае фота: паліцыя Польшчы

17 чэрвеня, Позірк. Двое беларусаў, затрыманых пасля забойства расійскага мастака Сямёна Скрэпецкага ў Бяла-Падлясцы, вызваленыя, паколькі ў польскіх ведамстваў адсутнічаюць доказы іх непасрэднай датычнасці да забойства. Пра гэта, паводле інфармацыі партала мясцовага самакіравання Польшчы, заявіў 17 чэрвеня прэм’ер-міністр краіны Дональд Туск.

Пра гэта таксама паведаміў на брыфінгу 17 чэрвеня прэс-сакратар акруговай пракуратуры ў Любліне Марцін Козак.

“Іх сувязь з гэтай падзеяй, якая была прадметам вельмі інтэнсіўных дзеянняў, не знайшла пацверджання. Высветлілася, што яны не маюць дачынення да гэтай справы. Пасля допыту ў якасці сведак яны былі вызваленыя і больш не знаходзяцца пад вартай“, — сказаў Козак.

16 чэрвеня акруговая пракуратура Любліна паведаміла, што пасля забойства 44-гадовага Скрэпецкага (сапраўднае імя — Роберт Кузаўкоў) затрыманыя два грамадзяніны Беларусі.

Паводле ўстаноўленых даных, забойства здарылася 15 чэрвеня каля 9:30–9:45 раніцы на тратуары ў адным з жылых раёнаў Бяла-Падляскі (Люблінскае ваяводства). Да мастака падышоў невядомы мужчына і зрабіў два стрэлы з кароткаствольнай зброі. Калі пацярпелы ўпаў на зямлю, мужчына зрабіў яшчэ тры стрэлы з блізкай адлегласці. Агляд цела паказаў у агульнай складанасці сем агнястрэльных раненняў (у вобласці галавы, грудной клеткі і спіны): пяць ўваходных і дзве выходныя адтуліны.

Паведамлялася, што следчыя сабралі шырокі доказны матэрыял, які паслядоўна аналізуецца. Гаворка ідзе, у прыватнасці, аб запісах камер назірання, лічбавых матэрыялах і паказаннях сведак.

Скрэпецкі вядомы сваёй публічнай крытыкай расійскіх уладаў, у першую чаргу прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна і кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава, у тым ліку з дапамогай сваёй творчасці.

Падзяліцца: