Мінск 12:00

АПК: Дзеці не павінны станавіцца закладнікамі вайны, прапаганды або палітычных маніпуляцый

Ілюстрацыйнае фота: prostooleh / freepik.com

18 чэрвеня, Позірк. Глыбокія спачуванні родным і блізкім загінулай, а таксама “ўсім пацярпелым у выніку трагічнага інцыдэнту з аўтобусам, які перавозіў беларускіх дзяцей у Бранскай вобласці Расіі”, выказаў Аб’яднаны пераходны кабінет (АПК).

Палітычная структура звярнула “асаблівую ўвагу на той прыкры факт, што група беларускіх дзяцей знаходзілася ў рэгіёне, які непасрэдна мяжуе з зонай баявых дзеянняў і рэгулярна зазнае пагрозы, звязаныя з узброеным канфліктам”.

“Дзеці не павінны станавіцца закладнікамі вайны, прапаганды або палітычных маніпуляцый. Бяспека грамадзян, асабліва непаўналетніх, павінна быць безумоўным прыярытэтам для ўсіх датычных да арганізацыі падобных выездаў”, — падкрэсліваецца ў заяве.

Адказныя беларускія чыноўнікі, на думку АПК, павінны публічна патлумачыць, кім і чаму былі прынятыя рашэнні пра арганізацыю паездак беларускіх дзіцячых груп праз тэрыторыі і рэгіёны, якія знаходзяцца ў непасрэднай блізкасці да зоны ўзброенага канфлікту.

“Мы таксама заклікаем беларусаў устрымацца ад наведвання Расійскай Федэрацыі і акупаваных тэрыторый Украіны, якія знаходзяцца ў непасрэднай блізкасці да эпіцэнтра баявых дзеянняў, што можа пагражаць здароўю і бяспецы беларускіх грамадзян і іх дзяцей”, — адзначыла палітычная структура.

З улікам існавання арганізаваных тураў з Беларусі АПК звярнуў асобную ўвагу на той факт, “што несанкцыянаванае наведванне акупаваных тэрыторый Украіны грамадзянамі Рэспублікі Беларусь праз расійскую тэрыторыю можа мець для іх прававыя наступствы з боку дзяржавы Украіна”.

Аб’яднаны пераходны кабінет “сочыць за развіццём сітуацыі і рашуча асуджае выкарыстанне дадзенага інцыдэнту ў якасці інфармацыйнай правакацыі супраць Украіны для фармавання адпаведнай устаноўкі ў грамадзян Рэспублікі Беларусь”. 

“Уся адказнасць за падобныя выпадкі ляжыць на краіне-агрэсары — Расійскай Федэрацыі — і тых асобах, якія не паклапаціліся ў належнай ступені пра бяспеку беларускіх дзяцей і тых, хто іх суправаджаў”, — падкрэсліваецца ў заяве.

17 чэрвеня ў Бранскай вобласці адбылася атака ўдарнага БПЛА па аўтобусе дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы № 2 горада Рэчыца (Гомельская вобласць). У транспартным сродку, які рухаўся па маршруце Гомель — Геленджык, знаходзіліся 44 пасажыры, з іх 28 дзяцей-спартсменаў 2014–2015 гадоў нараджэння.

Пацярпела восем чалавек, у тым ліку шасцёра дзяцей. Яны былі шпіталізаваныя ў бальніцы Бранскай вобласці. Аднаму дзіцяці зроблена аперацыя.

Сярод людзей, якія суправаджалі дзяцей, была жонка трэнера з рэчыцкай ДЮСШ-2 Вікторыя Гарошка, яна загінула. Жанчына родам з Луганска (акупаваная тэрыторыя Украіны), доўга пражывала ў Беларусі.

Следчы камітэт Беларусі распачаў крымінальную справу.

Беларускі і расійскі бакі абвінавіцілі ва ўдары Украіну. Украінскае ваеннае камандаванне заявіла таксама, што ў названы перыяд беспілотныя лятучыя апараты па цэлях на тэрыторыі Бранскай вобласці не выкарыстроўваліся.

Падзяліцца: