Праз суткі пасля трагедыі з беларускімі дзецьмі ў РФ Лукашэнка заявіў, што ў іх аўтобус трапіў украінскі дрон

18 чэрвеня, Позірк. Пра тое, што ў аўтобус з беларускімі дзецьмі 17 чэрвеня ў Бранскай вобласці Расіі трапіў менавіта ўкраінскі беспілотнік, заявіў Аляксандр Лукашэнка, заслухоўваючы даклад аб прапановах па карэктаванні мерапрыемстваў плана будаўніцтва і развіцця Узброеных сіл на 2026–2030 гады.
“Мы не спяшаемся рабіць нейкія высновы, але мы дакладна канстатуем факт, што гэта беспілотнік украінскага паходжання. Гэта ўкраінскі беспілотнік”, — цытуе спікера яго прэс-служба.
Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ўкраінцы адмаўляюць дачыненне да здарэння, прывёўшы ўласную інтэрпрэтацыю іх пазіцыі: “Гэта значыць, гэта не мы (украінскі бок. — “Позірк”.), гэта нехта купіў [украінскі дрон], а можа, нейкая правакацыя, аж да таго, што гэта ледзь не расіяне нанеслі падобны ўдар”.
“Але некаторыя рэчы ўжо сёння вядомыя. Яны кажуць, што ў гэты час не наносіліся ўдары па Бранскай вобласці, — сказаў ён. — Але той жа кіроўца аўтобуса кажа, што ён асабіста (напэўна, як і іншыя, следства пакажа) бачыў не адзін дрон, а некалькі, якія, як ён кажа, гулі і ляталі над аўтобусам. <…> Адзін з гэтых дронаў, дзякуй богу, не магутны, ударыў у аўтобус. У выніку загінуў чалавек і пацярпелі нашыя дзеці”.
Палітык канстатаваў, што “канспіралагічных версій тут дастаткова”.
Паводле слоў Лукашэнкі, калі Беларусь “нехта правакуе і спрабуе ўцягнуць у вайну”, то гэта “дрэнна абярнецца для тых, хто спрабуе гэта зрабіць”.
“Мы паводзімся спакойна. Некаму не падабаецца, што Беларусь спакойная дзяржава, таму гэта ўсё адбываецца. Мы чуем заявы, апраўданні, версіі розныя. Але нам патрэбная ісціна”, — заявіў спікер, падкрэсліўшы, што чакае “ісціны або рэальнага, справядлівага, сумленнага адказу ад украінскіх дзяржаўных службоўцаў”.
Лукашэнка настойвае на тым, што гэты выпадак мае быць расследаваны. “Разам з расіянамі. Яны гатовыя нам дапамагаць”, — адзначыў ён, не ўдакладніўшы, ці жадае, каб да расследавання былі прыцягнутыя ўкраінскія адмыслоўцы.
“Мы ўсё адно высветлім гэтую праўду, гэта не будзе вялікай праблемай”, — сказаў палітык.
Паводле яго слоў, паўднёвая мяжа Беларусі — гэта 1,5 тыс. кіламетраў: “Вайскоўцы нашыя там стаяць, палае як ніколі”.
“Вось адказ некаторым вайскоўцам, трэба нам абараняць паўднёвую мяжу ўзмоцненым рэжымам ці не трэба. Вось вам адказ. Трэба! Мы людзі вайсковыя, нас народ корміць за свой кошт для таго, каб мы маглі гэты ж народ абараніць”, — заявіў спікер.
17 чэрвеня аўтобус з выхаванцамі дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы № 2 горада Рэчыца (Гомельская вобласць) трапіў пад удар у Бранскай вобласці РФ. У транспартным сродку, які рухаўся па маршруце Гомель — Геленджык, знаходзіліся 44 пасажыры, з іх 28 дзяцей-спартсменаў 2014–2015 гадоў нараджэння.
Пацярпела восем чалавек, у тым ліку шасцёра дзяцей. Іх шпіталізавалі ў бальніцы Бранскай вобласці (аднаму дзіцяці зробленая аперацыя). Ранкам 18 чэрвеня пецярых дзяцей і аднаго дарослага з расійскіх бальніц павезлі ў медустановы Мінска. Астатнія вярнуліся ў Рэчыцу напярэдадні ўвечары.
Сярод дзяцей, якія суправаджалі, была жонка трэнера з Рэчыцкай ДЮСШ-2 Вікторыя Гарошка, яна загінула. Жанчына родам з Луганска (акупаваная тэрыторыя Украіны), доўга жыла ў Беларусі.
Следчы камітэт Беларусі распачаў крымінальную справу.
Лукашэнка суткі не каментаваў здарэнне.
- Бяспека, Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Грамадства
- Бяспека, Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Навіны Германіі, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЛітва зафіксавала рэкордную за тры тыдні колькасць спробаў парушэння мяжы з боку БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства



