Мінск 11:39

Ціханоўская наведвае Чэхію, у праграме візіту — сустрэчы з кіраўніцтвам краіны

Фота: pixabay.com

10 чэрвеня, Позірк. Увечары 9 чэрвеня пачаўся візіт дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай у Чэхію, паведаміла прэс-служба палітыка.

Візіт працягнецца да 11 чэрвеня, праграма прадугледжвае сустрэчы Ціханоўскай з прэзідэнтам Чэхіі Пятром Павелам, спікерам Сената Мілашам Выстрчылам, міністрам замежных спраў Пятром Мацынкай, мэрам Прагі Багуславам Свабодай, а таксама беларусамі, якія пражываюць у краіне.

Чакаецца, што дэмлідар таксама выступіць перад камітэтам па замежных справах, абароне і бяспецы Сената, наведае дзве беларускія выставы, возьме ўдзел у публічнай дыскусіі ў бібліятэцы Вацлава Гавела ў Празе, дасць шэраг інтэрв’ю СМІ і ўручыць узнагароду беларускаму перакладчыку і журналісту Сяргею Шупе, які пражывае ў Чэхіі.

Ціханоўская сустракалася з кіраўніком МЗС Чэхіі Мацынкай у лютым гэтага года ў Мюнхене, дзе праходзіла Міжнародная канферэнцыя па бяспецы. Тады яна запрасіла суразмоўцу наведаць Місію беларускіх дэмакратычных сілаў у Чэхіі, а той запрасіў яе ў Прагу.

Падзяліцца: