Мінск 21:48

Мытня Літвы паведаміла пра знішчэнне амаль 4 млн беларускіх цыгарэт

4 траўня, Позірк. Пра знішчэнне 3,9 млн канфіскаваных кантрабандных беларускіх цыгарэт (195 тыс. пачкаў) паведаміла 4 траўня Мытня Літвы.

Ведамства адзначае, што “кантрабандныя тытунёвыя вырабы знішчаюцца з выкарыстаннем спецыяльнага здрабняльнага абсталявання, якое забяспечвае іх незваротнае знішчэнне і поўную непрыдатнасць для ўжывання”.

“Увесь працэс ажыццяўляецца строга ў адпаведнасці з патрабаваннямі бяспекі і аховы навакольнага асяроддзя. Пасля знішчэння здробненыя тытунёвыя вырабы змешваюцца з біялагічнымі і хімічнымі рэчывамі, што гарантуе, што канчатковыя адходы бяспечныя для навакольнага асяроддзя і здароўя насельніцтва“, — гаворыцца ў паведамленні.

Мытня падкрэслівае, што “кантрабандныя цыгарэты не толькі памяншаюць даходы дзяржавы, але часта не адпавядаюць стандартам аховы здароўя, таму ўяўляюць дадатковую небяспеку для спажыўцоў”.

 У 2025 годзе літоўскімі памежнікамі выяўлена 917 выпадкаў кантрабанды і незаконнай перавозкі тавараў (у 2024 годзе — 637), з якіх 911 тычыліся тытунёвых вырабаў, паведаміла 9 студзеня Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы (САДМ).

Канфіскавана 4.440.576 пачкаў цыгарэт — у 3,2 раза больш, чым у 2024 годзе (1.386.714).

Самай папулярнай у кантрабандыстаў маркай стала Міnѕк (37% ад усіх канфіскаваных цыгарэт), на другім месцы — беларускія цыгарэты NZ (26%), далей ідуць Marlboro (15%) і Winston (13%).

50,1% канфіскаваных цыгарэт (больш за 2,2 млн пачкаў) былі ўвезеныя ў Літву праз унутраную мяжу ЕС з Латвіі, 49,2% — з Беларусі і 0,3% — з Расіі. Шлях пранікнення яшчэ 0,4% кантрабанды ў краіну невядомы.

Падзяліцца: