Мінск 16:39

У парламент унесены законапраект аб перадачы кіраўніцтва рэгулятарам у галіне рэлігіі — ад урада прэзідэнту

Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Аляксандр Румак (злева) і мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Юзаф Станеўскі (справа на заднім плане)
Архіўнае фота: catholic.by

13 чэрвеня, Позірк. У Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу (ПП НС) 11 чэрвеня ўнесены законапраект з прапановай змяніць інстытуцыйную падпарадкаванасць упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей.

Згодна з актуальнай рэдакцыяй закона “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях”, упаўнаважаны “ажыццяўляе функцыі органа дзяржаўнага кіравання і падпарадкоўваецца Савету міністраў”.

Законапраектам прапанавана замяніць гэтую норму наступнай фармулёўкай: “Функцыі органа дзяржаўнага кіравання ў галіне свабоды сумлення, свабоды веравызнання і рэлігійных арганізацый ажыццяўляе Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей, які падпарадкоўваецца Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь. Агульнае кіраванне Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей ажыццяўляе Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”.

У дзейным законе з пункта, які кажа, што ўпаўнаважаны “прызначаецца на пасаду дзяржаўнага грамадзянскага службоўцы і вызваляецца ад гэтай пасады” прэзідэнтам паводле прапановы Савета міністраў, згадку пра ўрад прапанавана выключыць. У той жа час праект дапаўняе закон нормай пра тое, што палажэнне аб упаўнаважаным зацвярджае прэзідэнт.

Законапраект, які змяняе падпарадкаванасць рэгулятара ў галіне рэлігіі, унёс у ніжнюю палату парламента старшыня пастаяннай камісіі ПП НС па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце, дэпутат Слонімскай акругі № 58 (Гродзенская вобласць) Валянцін Семяняка.

З 21 снежня 2020 года пасаду ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей займае Аляксандр Румак, які да гэтага прызначэння быў намеснікам міністра працы і сацыяльнай абароны.

Многія вернікі і рэлігійныя дзеячы адкрыта выказваліся пра грамадска-палітычны крызіс, які ўзнік на фоне сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і жорсткасці сілавікоў у дачыненні да ўдзельнікаў пратэстных акцый, у выніку чаго рэжым Аляксандра Лукашэнкі ўзмацніў кантроль за рэлігійнай сферай.

У 2023 годзе на заканадаўчым узроўні рэлігійным арганізацыям фактычна забаранілі праяўляць палітычную актыўнасць не ў фарватары ўладаў і абавязалі перарэгістравацца.

Ад пачатку восені 2020 года па 29 траўня 2026-га, паводле звестак ініцыятывы “Хрысціянская візія”, рэпрэсіі ў Беларусі ў той ці іншай форме зазнала сама меней 93 хрысціянскія служыцелі (каталіцкага касцёла — 37, евангельскіх цэркваў — 31, праваслаўнай царквы — 20, грэка-каталіцкай царквы — 5).

Падзяліцца: