Мінск 18:20

МПЗ прыпыніла аперацыі па рахунках 2 тыс. юрыдычных асоб, якія выкарыстоўвалі фіктыўныя адрасы рэгістрацыі

Фота: pravo.by

22 ліпеня, Позірк. Ад пачатку 2026 года “з мэтай спынення фактаў выкарыстання адрасоў масавай рэгістрацыі нядобрасумленнымі плацельшчыкамі“ абследавана больш за 1,2 тыс. адрасоў, на якіх было зарэгістравана звыш 23 тыс. суб’ектаў гаспадарання, паведамляе Міністэрства па падатках і зборах.

Адзначаецца, што рэгістрацыю па такіх адрасах суб’екты гаспадарання выкарыстоўваюць для “спробы ўхіліцца ад выканання падатковых абавязацельстваў і ад правядзення кантрольных мерапрыемстваў”. Адрасы так “званай масавай рэгістрацыі“, як заяўляе ведамства, часта фігуруюць як юрыдычны адрас “у дзясяткаў, а то і сотняў кампаній.”

“Так, напрыклад, у Мінску ў памяшканні плошчай 11 м² змясцілася больш за 370 суб’ектаў гаспадарання. Такая шчыльнасць прапіскі сведчыла, што ў многіх кампаній юрыдычны адрас лічыцца толькі на паперы, без рэальнай прысутнасці па месцы рэгістрацыі”, — гаворыцца ў паведамленні.

МПЗ нагадала, што з 1 студзеня гэтага года ў адпаведнасці з п. 2 арт. 56 Падатковага кодэкса падатковым органам “нададзена права прыпыняць аперацыі па рахунках плацельшчыкаў пры адсутнасці юрыдычнай асобы па месцы дзяржаўнай рэгістрацыі”.

Па “выніках сістэмнай працы” аперацыі па рахунках прыпынены больш як у 2 тыс. юрыдычных асоб.

Да адміністрацыйнай адказнасці паводле арт. 24.11 КаАП (непрадстаўленне дакументаў, справаздач і іншых матэрыялаў) “прыцягнута 50 вінаватых асоб, якія пры змене месцазнаходжання арганізацыі не апавясцілі рэгіструючы орган”.

Больш за 1,1 тыс. суб’ектаў правапарушэнні ліквідавалі, у адносінах да 5 тыс. плацельшчыкаў праведзены прафілактычныя мерапрыемствы.

Падзяліцца: