Мінск 23:09

ЗША дэпартуюць беларусаў у Беліз — валанцёрская арганізацыя Вyaction

Ілюстрацыя: старонка Byaction у "Інстаграме"

21 ліпеня, Позірк. Пра пошук інфармацыі пра грамадзян Беларусі, якім іміграцыйны суд у штаце Каліфорнія (ЗША) прызначыў дэпартацыю ў Беліз, паведаміла 21 ліпеня валанцёрская арганізацыя Byaction.

Адзначаецца, што валанцёрам “дакладна вядома“ пра два выпадкі такой дэпартацыі “ў аднаго іміграцыйнага суддзі“.

Падрабязнасці не прыводзяцца.

У канцы студзеня Асацыяцыя беларусаў Амерыкі паведамляла, што не менш як 7 беларусаў былі затрыманыя іміграцыйнымі службамі ЗША за два тыдні. Са спасылкай на даныя ініцыятывы Byaction адзначалася, што затрыманні прайшлі ў штатах Мінесота, Фларыда, Ілінойс, Аклахома і Арызона.

Паводле інфармацыі валанцёраў згаданай ініцыятывы, усе затрыманыя заехалі ў краіну больш за два гады таму, знаходзіліся ў легальным іміграцыйным працэсе. Яны былі затрыманыя падчас выпадковых праверак (спыненняў) аўтамабіляў.

Беліз — невялікая дзяржава ў Цэнтральнай Амерыцы. Мяжуе з Мексікай і Гватэмалай, на ўсходзе абмываецца Карыбскім морам.

Міграцыйная палітыка ў ЗША стала больш жорсткай пасля вяртання да ўлады Дональда Трампа, які выйграў прэзідэнцкія выбары ў 2024 годзе.

Падзяліцца: