Мінск 23:10

Прызначаны новы начальнік тылу Узброеных сіл

21 ліпеня, Позірк. Аб кадравых прызначэннях у кіраўніцтве Узброеных сіл паведаміла 21 ліпеня прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.

Генерал-маёр Аляксандр Масолаў прызначаны намеснікам міністра абароны па тыле — начальнікам тылу Узброеных сіл. Раней ён займаў пасаду першага намначальніка тылу.

Генерал-маёр Андрэй Бурдыка, які займаў гэтую пасаду, звольнены з вайсковай службы ў запас.

Начальнікам галоўнага ўпраўлення баявой падрыхтоўкі УС Лукашэнка прызначыў генерал-маёра Дзмітрыя Бітнага. Да гэтага ён быў намеснікам камандуючага войскамі Заходняга аператыўнага камандавання.

Генерал-маёр Аляксандр Бас вызвалены ад пасады камандуючага войскамі Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання. Ён звольнены з ваеннай службы ў запас па ўзросце з правам нашэння ваеннай формы і знакаў адрознення.

8 ліпеня паведамлялася, што генерал-маёр Уладзімір Белы прызначаны намеснікам міністра абароны. На новую пасаду ён перайшоў з пасады начальніка галоўнага ўпраўлення баявой падрыхтоўкі УС.

На сустрэчы з міністрам Віктарам Хрэніным 12 траўня Лукашэнка прапанаваў абмеркаваць кадравае пытанне ў УС. “Калі на канкрэтным участку (мы гэта ведаем з досведу) нармальны чалавек, значыць, там і сітуацыя будзе нармальная. Калі не той чалавек — бяда. Мы з вамі дамаўляліся, што вы сур’ёзна падумаеце, з кім вы будзеце далей служыць. Гэта прычына нашай сустрэчы і размовы. А потым падумаем разам, якім чынам я буду размаўляць з генераламі, афіцэрамі, якія служаць у нашых Узброеных сілах і найперш — у нашым войску”, — сказаў тады Лукашэнка.

Падзяліцца: