Мінск 18:04

Праваабаронцы паведамілі пра затрыманне ў Слоніме трох апазіцыйных актывістаў

Калаж: "Вясна"

22 ліпеня, Позірк. Пра затрыманне напрыканцы красавіка ў Слоніме (Гродзенская вобласць) трох мясцовых грамадскіх актывістаў паведаміў 22 ліпеня праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Паводле звестак праваабаронцаў, затрыманы член партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя“ (БХД) Аляксандр Масюк, а таксама члены Партыі БНФ Павел Севасцьян і Віктар Марчык.

“Вясне” невядома месцазнаходжанне мужчын і прычыны іх затрымання.

Усе трое раней неаднаразова зазнавалі пераслед.

У канцы 2022 года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што “на палітычным полі краіны павінны працаваць толькі тыя партыі, дзейнасць якіх адпавядае асноўным прынцыпам унутранай і знешняй палітыкі”. У лютым 2023-га ён падпісаў закон, які пастрожыў патрабаванні да палітычных сіл і абавязаў усе існуючыя партыі прайсці працэдуру перарэгістрацыі.

У выніку летам і восенню 2023 года было скасавана 12 палітычных сіл — Кансерватыўна-хрысціянская партыя — БНФ, Беларуская патрыятычная партыя, Беларуская партыя “Зялёныя”, партыя “Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада”, Рэспубліканская партыя, Сацыял-дэмакратычная партыя народнай згоды, Партыя БНФ, Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя “Грамада”, Беларуская партыя левых “Справядлівы свет”, Беларуская аграрная партыя (самаліквідавалася).

У краіне засталося чатыры праўладныя партыі — “Белая Русь”, Ліберальна-дэмакратычная партыя, Камуністычная партыя Беларусі і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці.

Партыя БХД афіцыйна заснаваная не была, паколькі Мінюст неаднаразова адмаўляў у рэгістрацыі аргкамітэту па яе стварэнні.

Падзяліцца: