Мінск 21:32

Лукашэнка падпісаў указ пра восеньскі прызыў

22 ліпеня, Позірк. Указ “Аб звальненні ў запас і прызыве на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве” падпісаў 22 ліпеня Аляксандр Лукашэнка, паведамляе яго прэс-служба.

Дакумент прадугледжвае прызываць у верасні — лістападзе 2026 года на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве грамадзян Беларусі мужчынскага полу, якім да дня прызыву споўнілася 18 гадоў і якія не маюць права на адтэрміноўку, а таксама грамадзян прызыўнога ўзросту, якія страцілі права на адтэрміноўку.

Прадугледжваецца звальненне ў запас ваеннаслужачых тэрміновай службы, якія выслужылі ўстаноўленыя тэрміны.

У рамках восеньскага прызыву ў верасні — лістападзе 2025 года ў “шэрагі Узброеных сіл, іншых войск і воінскіх фарміраванняў“ было накіравана каля 10 тыс. ваеннаслужачых.

У 2025 годзе аналагічны ўказ аб восеньскім прызыве Лукашэнка падпісаў 8 жніўня, у 2024-м — 7 жніўня, у 2023-м — 27 ліпеня, у 2022-м — 4 ліпеня, у 2021-м — 20 ліпеня, у 2020-м — 3 жніўня, у 2019-м — 22 ліпеня.

У Беларусі штогод праходзяць два прызывы — восеньскі і вясновы, для кожнага падпісваюцца асобныя ўказы.

У пачатку 2023 года былі зніжаны патрабаванні да стану здароўя грамадзян, якія прымяняюцца пры вызначэнні прыдатнасці да праходжання воінскай службы. У прыватнасці, верхняя мяжа масы, пры якой грамадзян прызнаюць непрыдатнымі да службы ў сілах спецыяльных аперацый, узнята з 90 да 100 кг. Пры гэтым мужчын, якія важаць больш за 100 кг, дазволена прымаць у органы памежнай службы, а таксама спецыяльныя міліцэйскія злучэнні і воінскія часці.

Раней не прыпісваліся да прызыўных участкаў і прызнаваліся непрыдатнымі да тэрміновай службы і службы ў рэзерве ў мірны час грамадзяне з атлусценнем II ступені з індэксам масы цела 37 кг/м2 (больш за 117 кг пры сярэднім для беларускіх мужчын росце 178 см), з блізарукасцю любога вока на адным з мерыдыянаў 6–8 дыёптрый. Цяпер такія грамадзяне прызнаюцца абмежавана прыдатнымі да тэрміновай службы і службы ў рэзерве. Як і раней, яны застаюцца прыдатнымі з абмежаваннямі да службы па кантракце ў спецыяльных злучэннях.

За ўхіленне ад службы прадугледжана адказнасць паводле арт. 435 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад мерапрыемстваў па прызыве на воінскую службу).

Паводле даных Вярхоўнага суда, колькасць грамадзян, якіх прыцягваюць па гэтым артыкуле, змяншаецца. У 2016 годзе паводле арт. 435 КК было асуджана 676 асоб, у 2023-м — 266.

Падзяліцца: