Мінск 11:59

Лясы Драгічынскага раёна закрытыя для наведвання ад пачатку лета

Ілюстрацыя на сайце Мінлясгаса

13 чэрвеня, Позірк. Драгічынскі раён (Брэсцкая вобласць) — адзіны ў Беларусі, дзе на гэты момант дзейнічае забарона на наведванне лясоў, сведчыць інтэрактыўная мапа на сайце Міністэрства лясной гаспадаркі.

Жорсткая рэстрыкцыя была ўведзеная 1 чэрвеня — у сувязі з усталяваннем IV класа пажарнай небяспекі.

Астатняя тэрыторыя Беларусі фактычна падзелена напалам: у заходняй частцы краіны з большага лясы можна наведваць вольна, ва ўсходняй — пераважна дзейнічаюць абмежаванні (у лясы нельга заязджаць на аўтамабілі і разводзіць там вогнішчы, але даступныя шпацыры ды збор ягад і грыбоў).

Абмежаванні ўведзеныя ў 6 з 22 раёнаў Мінскай вобласці — у Бярэзінскім, Барысаўскім, Крупскім, Пухавіцкім, Салігорскім і Чэрвеньскім; у 6 з 16 раёнаў Брэсцкай вобласці — у Баранавіцкім, Бярозаўскім, Іванаўскім, Івацэвіцкім, Ляхавіцкім і Пінскім; у 14 з 21 раёна Віцебскай вобласці — у Бешанковіцкім, Віцебскім, Гарадоцкім, Дубровенскім, Лепельскім, Лёзненскім, Аршанскім, Полацкім, Расонскім, Сенненскім, Талачынскім, Ушацкім, Чашніцкім і Шумілінскім.

Акрамя таго, дзейнічаюць абмежаванні ў 16 з 21 раёна Гомельскай вобласці — у Брагінскім, Буда-Кашалёўскім, Веткаўскім, Гомельскім, Добрушскім, Ельскім, Калінкавіцкім, Лельчыцкім, Лоеўскім, Мазырскім, Нараўлянскім, Кастрычніцкім, Петрыкаўскім, Рэчыцкім, Светлагорскім; у 18 з 21 раёна Магілёўскай вобласці — у Бялыніцкім, Бабруйскім, Быхаўскім, Глускім, Кіраўскім, Клімавіцкім, Клічаўскім, Касцюковіцкім, Краснапольскім, Крычаўскім, Круглянскім, Магілёўскім, Мсціслаўскім, Асіповіцкім, Слаўгарадскім, Хоцімскім, Чавускім і Чэрыкаўскім.

У астатніх 57 раёнах (уключаючы ўсе 17 раёнаў Гродзенскай вобласці) лясы можна наведваць вольна.

Падзяліцца: