Мінск 19:57

Лукашэнка: Спыненне вайны ва Украіне залежыць ад жадання літаральна некалькіх чалавек

Відэа: неафіцыйны тэлеграм-канал прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі Стоп-кадр: “Позірк”

12 чэрвеня, Позірк. Спыненне вайны ва Украіне “залежыць ад жадання літаральна некалькіх чалавек”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 12 чэрвеня ў інтэрв’ю тэлеканалу Al Arabiya English (Саудаўская Аравія).

“Калі такое жаданне будзе, то гэтыя войны (у тым ліку і на Блізкім Усходзе. — “Позірк”.) можна скончыць сёлета дакладна”, — сказаў Лукашэнка (па відэа ў неафіцыйным тэлеграм-канале яго прэс-службы).

Паводле яго слоў, гэта “нават не надзея”, а “упэўненасць”.

Прозвішчы “літаральна некалькіх чалавек”, ад якіх залежыць заканчэнне вайны, палітык не назваў.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі неаднаразова прапаноўваў расійскаму лідару Уладзіміру Пуціну прыпыненне баявых дзеянняў і прамыя перамовы, на што рэгулярна атрымліваў адмову. Лукашэнка ў сваю чаргу прапаноўваў Кіеву свае паслугі на перамовах, але ўкраінскія ўлады не бачаць у яго асобе суб’екта міжнароднай палітыкі.

Некалькі разоў расійскі бок, у тым ліку Пуцін, запрашалі Зяленскага на перамовы ў Маскву, што непрымальна для Украіны.

24 лютага 2022 года РФ пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны — найбуйнейшы з часоў Другой сусветнай вайны канфлікт у Еўропе. Рэжым Лукашэнкі прадаставіў арміі РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а затым цягам многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў. Паводле звестак расследвальнікаў, многія беларускія прадпрыемствы цяпер актыўна займаюцца вытворчасцю на карысць расійскага вайскова-прамысловага комплексу.

Падзяліцца: