Мінск 22:57

Ціханоўская абвясціла збор прапаноў для фарміравання парадку дня канферэнцыі “Новая Беларусь”

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

12 чэрвеня, Позірк. V канферэнцыя “Новая Беларусь” будзе прысвечаная “абмеркаванню змяненняў, якія адбыліся за апошні час, асэнсаванню таго, хто і як дапамагае беларусам і Беларусі, аналізу перспектыў развіцця сітуацыі ў рэгіёне і вызначэнню месца беларускіх дэмакратычных сіл, беларусаў і Беларусі ў гэтых працэсах”. Пра гэта заявіла ў сваім тэлеграм-канале дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

Палітык прапанавала беларусам да 15 чэрвеня запоўніць спецыяльную форму, у якой выказаць меркаванне аб тым, якія пытанні і тэмы варта абмеркаваць на канферэнцыі, каб дапамагчы “сфарміраваць праграму мерапрыемства”.

V канферэнцыя “Новая Беларусь” пройдзе ў Варшаве 8–9 жніўня.

IV канферэнцыя “Новая Беларусь” прайшла 9–10 жніўня 2025-га таксама ў Варшаве. Пасля першага дня працы мерапрыемства адбылася вулічная акцыя “Марш Свабоды” да гадавіны выбараў-2020.

На першай канферэнцыі “Новая Беларусь”, якая адбылася ў 2022 годзе ў Вільнюсе, Ціханоўская абвясціла пра стварэнне АПК, прызначыла яго прадстаўнікоў.

На другім форуме ў 2023 годзе ў Варшаве палітык зрабіла пэўныя кадравыя змены ў АПК, прадэкларавала імкненне дэмсіл дамагчыся ўступлення Беларусі ў Еўрасаюз.

Падчас трэцяй канферэнцыі ў 2024 годзе ў Вільнюсе сярод іншага была падпісаная “Платформа 2025” — сумесная стратэгія дзеянняў дэмсіл на гэты год.

Падзяліцца: