Лукашэнка раскрытыкаваў МНС за неналежнае апавяшчэнне насельніцтва аб навальнічным фронце

19 ліпеня, Позірк. Міністэрства па надзвычайных сітуацыях “недапрацавала ў плане папярэджання грамадзян аб ступені небяспекі маючых адбыцца з’яў надвор’я”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 19 ліпеня на селектарнай нарадзе, прысвечанай пераадоленню наступстваў стыхіі і ўборачнай кампаніі.
“Не напружылі людзей. Так, было складана і нечакана. Я гэта бачыў і разумею. Але мяне не гэта цікавіць. Як працавала сістэма вашага Міністэрства па надзвычайных сітуацыях?” — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.
Так ён адрэагаваў на выступ на нарадзе кіраўніка МНС Вадзіма Сіняўскага.
Міністр паведаміў, што з прычыны праходжання 13–14 ліпеня ў 74 раёнах Беларусі навальнічнага фронту загінула 6 чалавек, з іх двое дзяцей. Траўмы атрымалі 72 чалавекі, у тым ліку трое дзяцей. На сёння, дадаў Сіняўскі, 24 пацярпелых застаюцца ў бальніцах, уключаючы 7 дзяцей. Пяць чалавек — у цяжкім стане. Пацярпелі 949 населеных пунктаў.
Адказваючы на прэтэнзіі Лукашэнкі, кіраўнік ведамства адзначыў, што пра “анамальныя прыродныя працэсы, якія насоўваюцца” з 11 па 14 ліпеня насельніцтва апавясцілі праз аператараў мабільнай сувязі, адпаведныя паведамленні трансляваліся па тэлебачанні, радыё, распаўсюджваліся па тэлеграм-каналах і ў сацсетках.
Лукашэнка адказаў, што ад метэаролагаў апошнім часам “вельмі часта паступаюць папярэджанні аб магчымых неспрыяльных умовах надвор’я”, і людзі “ўжо прывыклі, што такія прагнозы гучаць, але далёка не заўсёды спраўджваюцца”.
“Магчыма тое, магчыма гэта. Вы людзей прывучылі: магчыма, а не было, магчыма, нешта было. Людзі ўжо прывыклі: як было ўчора, так будзе сёння. Вось да гэтай надзвычайнай сітуацыі вы адказна не змаглі падысці”, — заявіў Лукашэнка.
Крытыцы ён таксама падвергнуў аператыўнасць службовых асоб пры рэагаванні на тое, што здарылася: “Нават калі вы загадзя не папярэдзілі. Здарылася — камісію па надзвычайнай сітуацыі ў Гомелі на працягу двух-трох гадзін павінны былі стварыць і аказаць падтрымку і дапамогу людзям, мабілізаваць людзей, ваду, хлеб і іншае. Не праз паўтара дня, а неадкладна трэба было гэта задзейнічаць. А мы спазняліся на паўдня, на дзень”.
Ён запатрабаваў ад сваіх упаўнаважаных і памочнікаў у рэгіёнах “неадкладна выехаць на месцы і разабрацца з гэтымі пытаннямі”.
“Трэба — падключым армію. Наша краіна кампактная. Мы ведаем, што рабіць, — дадаў Лукашэнка. — Цяпер не час пасыпаць галаву попелам, але высновы з таго, што адбылося трэба зрабіць абавязкова. Калі ў [міністра энергетыкі Віктара] Каранкевіча не хапала слупоў або правадоў, па-народнаму кажучы, значыць, трэба зрабіць гэты запас. Калі вы не разгарнуліся, як след, улічыце гэта. Гэта павінен быць капітальны для нас урок”.
Лукашэнка ацаніў тое, што адбылося, як “страшную з’яву”, калі “бог цюкнуў па макушцы”. Пры гэтым адзначыў, што не ведае “пакуль, за што”.
Ён перакананы, што горшага сцэнару ўдалося пазбегнуць. І ў якасці прыкладу прывёў тое, што на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе дарагое імпартнае абсталяванне працягвае працаваць.
“Тут нас бог пашкадаваў. Ударыў па галаве і пашкадаваў. Зрабіце з гэтага высновы”, — сказаў Лукашэнка.
Ён не выказаў спачуванне родным і блізкім загінулых.
Кіраўнік яго адміністрацыі Дзмітрый Круты прынёс спачуванні 17 ліпеня падчас паездкі ў Гомельскую вобласць.
Старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко выказаў спачуванні сем’ям загінулых 15 ліпеня.


- Грамадства, Палітыка, ЭканомікаЕС забараніў здзелкі з беларускім лічбавым рублём і ўвёў шэраг іншых абмежаванняў у дачыненні да Беларусі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- ЭканомікаЗа першы квартал 2026 года зменшылася доля занятага ў эканоміцы насельніцтва ў працаздольным узросцеМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- ГрамадстваУ Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніку прымаюцца меры супраць лясных пажараў, якія пераносяць радыенуклідыМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- ПалітыкаЛатвія чатыры тыдні штодня фіксуе спробы мігрантаў незаконна патрапіць на яе тэрыторыю з Беларусі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- ГрамадстваЗа год колькасць людзей, якія пражываюць на забруджаных радыенуклідамі тэрыторыях, зменшылася на 8 тыс. (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
