Мінск 19:51

Латушка выказаў спачуванні родным і блізкім загінулых у выніку страляніны ў Кракаве

Фота і калаж: onet.pl

7 лістапада, Позірк. Глыбокія спачуванні родным і блізкім загінулых у выніку страляніны 7 лістапада ў польскім Кракаве выказаў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

“Гэтая жудасная трагедыя не павінна пакідаць нас абыякавымі. Найхутчэй акрыяць усім параненым. Маё сэрца разам з польскім народам і Польшчай”, — напісаў палітык у сваім тэлеграм-канале.

Паводле інфармацыі польскага партала onet.pl, удзень 7 лістапада мужчына, які перасоўваўся на аўтамабілі, адкрыў страляніну па мінаках на плошчы Галоўны Рынак у цэнтры Кракава (Малапольскае ваяводства на поўдні Польшчы), а таксама абстраляў трамвай на плошчы Усіх Святых. Нападніка пераследавала паліцыя, завязалася перастрэлка, у выніку якой той быў цяжка паранены і пасля шпіталізаваны.

Паведамляецца пра пяцярых загінулых і не менш за сямнаццаць параненых, сярод якіх двое паліцэйскіх.

Нападнік страляў са зброі з доўгай руляю. У машыне стралка знайшлі і іншую зброю ды боепрыпасы.

Падзяліцца: