Урад дазволіў без тэндара закупляць шэраг тавараў і паслуг, неабходных для правядзення УНС

7 лістапада, Позірк. Шэраг тавараў, работ і паслуг, неабходных для падрыхтоўкі і правядзення трэцяга пасяджэння VII Усебеларускага народнага сходу (УНС), у рамках дзяржаўных закупак дазволена набываць без правядзення тэндара, вынікае з пастановы Савета міністраў № 577 ад 6 лістапада.
Згодна з дакументам, апублікаваным 7 лістапада на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паводле працэдуры закупкі з адной крыніцы можна замовіць юбілейныя медалі, а таксама шырокі спектр паслуг — па “мастацкім, дэкарацыйным афармленні сцэны і памяшканняў”, “тэхнічным забеспячэнні мерапрыемства (мантаж, абслугоўванне, дэмантаж)”, “пражыванні (паслугі гасцініц)”, “арганізацыі харчавання”, “вырабе паліграфічнай прадукцыі (скрынкі да юбілейнага медаля, брашуры, даведачная інфармацыя, запрашэнні, пасведчанні, пропускі, бейджы ды інш.)”, “гукаўзмацненні і агучванні, <…> электрасувязі (доступ да <…> інтэрнэту, арганізацыя і дадатковая паласа прапускання да сеткі Wi-Fi ды інш.)”.
У сярэдзіне верасня было вызначана, што трэцяе пасяджэнне VII УНС пройдзе ў Мінску 17–18 снежня 2026 года.
З 1996 года УНС склікаўся з ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі, як правіла, у перыяд палітычных кампаній — для дэманстрацыі нібыта шырокай падтрымкі насельніцтвам курсу, які праводзяць улады. Паводле вынікаў не прызнанага дэмакратычнымі краінамі рэферэндуму 27 лютага 2022-га гэтая з’ява атрымала канстытуцыйны статус.
Старшынёй прэзідыума сходу ў 2024 годзе амаль аднагалосна абраны Лукашэнка.
Згодна з абноўленай рэдакцыяй Канстытуцыі, УНС з’яўляецца “найвышэйшым прадстаўнічым органам народаўладдзя”, які вызначае “стратэгічныя кірункі развіцця грамадства і дзяржавы”, забяспечвае “непарушнасць канстытуцыйнага ладу, пераемнасць пакаленняў і грамадзянскую згоду”.
Максімальная колькасць дэлегатаў — 1,2 тыс., тэрмін іх паўнамоцтваў — пяць гадоў. Пасяджэнні УНС маюць праводзіцца не радзей за адзін раз на год.
УНС зацвярджае асноўныя кірункі ўнутранай і знешняй палітыкі, ваенную дактрыну, канцэпцыю нацыянальнай бяспекі, праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця; заслухоўвае штогадовыя пасланні прэзідэнта да парламента; мае права заканадаўчай ініцыятывы, можа прапаноўваць змены і дапаўненні ў Канстытуцыю, разглядаць пытанне пра легітымнасць выбараў ды інш.
Другое пасяджэнне VII УНС прайшло 18–19 снежня 2025 года.
- Палітыка
- Навіны Германіі, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЛітва зафіксавала рэкордную з пачатку жніўня актыўнасць мігрантаў — аналіз (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства
- ЭканомікаБеларусь апусцілася з першага на трэцяе месца ў ЕАЭС па дынаміцы сельгасвытворчасціМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства

