Мінск 15:38

Міжнародная федэрацыя хакея пацвердзіла нядопуск мужчынскай і моладзевай зборных Беларусі да ЧС-2027

Ілюстрацыйнае фота: iihf.com

7 лістапада, Позірк. Савет Міжнароднай федэрацыі хакея (ІІХФ) пацвердзіў сваё ранейшае рашэнне пра нядопуск мужчынскай і моладзевай зборных Беларусі да чэмпіянатаў свету ў 2027 годзе.

У апублікаванай 7 лістапада заяве гаворыцца, што “рашэнне савета было прынятае пасля пастановы дысцыплінарнай калегіі ІІХФ, якая часткова задаволіла апеляцыю Беларускай федэрацыі хакея на рашэнні ад 27 ліпеня 2026 года”. Як адзначаецца, “калегія ў сваёй пастанове пацвердзіла, што не мела прававых падстаў прадпісаць неадкладнае аднаўленне ўдзелу”.

“Прымаючы рашэнне, савет улічыў існыя спартыўныя і арганізацыйныя ўмовы ў дачыненні да абодвух чэмпіянатаў, уключаючы структуру спаборніцтваў, расклады, продаж квіткоў і аператыўнае планаванне, — гаворыцца ў дакуменце. — Разгледзеўшы гэтыя акалічнасці, савет пастанавіў, што беларускія зборныя не будуць удзельнічаць у гэтых двух чэмпіянатах у сезоне 2027 года”.

Асобна ІІХФ падкрэсліла, што па-ранейшаму не згодная з рашэннем Спартыўнага арбітражнага суда (CAS) адносна ўдзелу Расіі ў чэмпіянатах пад эгідай федэрацыі, аднак робіць “неабходныя крокі, прадугледжаныя пастановай CAS”, і вывучае, “якія ўмовы маюць быць выкананыя для гарантавання бяспекі чэмпіянатаў, абароны фінансавай стабільнасці арганізацыі і забеспячэння доўгатэрміновай будучыні міжнароднага хакея”.

“ІІХФ абавязаная дзейнічаць у рамках прыдатных правілаў, адначасова выконваючы свой абавязак па захаванні міжнародных спаборніцтваў і абароне хакея агулам. У сувязі з гэтым ІІХФ разглядае ўсе даступныя магчымасці, уключаючы пачатак перамоў з усімі закранутымі нацыянальнымі федэрацыямі — членамі ІІХФ, у тым ліку з Федэрацыяй хакея Расіі, каб знайсці канструктыўны шлях далейшых дзеянняў, які адпавядае інтарэсам сусветнага хакея”, — адзначана ў заяве.

30 ліпеня савет ІІХФ абвясціў пра рашэнне не дапускаць мужчынскую і моладзевую зборныя Беларусі да ЧС-2027 у сувязі з “захаваннем занепакоенасці адносна бяспекі і захадаў для яе гарантавання”. Тады ж міжнародная арганізацыя паведаміла, што Беларуская федэрацыя хакея звярнулася да савета ІІХФ з просьбай дапусціць нацыянальныя зборныя і да іншых чэмпіянатаў свету — сярод жанчын (дывізіён IV), жанчын да 18 гадоў (дывізіён III), юніёраў да 18 гадоў. Пры гэтым яшчэ 28 траўня ІІХФ пацвердзіла допуск беларускіх зборных да гэтых спаборніцтваў.

5 лістапада прэс-сакратар МЗС Руслан Варанкоў, крытыкуючы пазіцыю Канады наконт допуску беларускіх і расійскіх спартсменаў да спаборніцтваў, прыпісаў CAS рашэнне ў дачыненні да хакейных зборных Беларусі. Аднак, як паказаў праведзены “Позіркам” аналіз, апублікаванае паведамленне суда тычылася выключна расійскіх каманд.

Прадстаўнік знешнепалітычнага ведамства заявіў наступнае: “Хацеў бы нагадаць, што днямі Спартыўны арбітражны суд вынес рашэнне, якое прадпісвае забяспечыць удзел беларускай і расійскай каманд у турнірах Міжнароднай федэрацыі хакея ў сезоне 2026/2027. Канада як гаспадыня турніру не можа яго ігнараваць”.

У прэс-рэлізе CAS ад 30 кастрычніка гаворыцца пра задавальненне апеляцыі Федэрацыі хакея Расіі ў спрэчцы з ІІХФ. Рашэнне тычыцца ўдзелу расійскіх зборных у пяці чэмпіянатах свету сезона-2026/27: мужчынскім, жаночым, моладзевым, а таксама юніёрскіх турнірах сярод юнакоў і дзяўчат. Беларускія каманды ў гэтым рашэнні не фігуруюць.

Выключна пра ўдзел расійскіх зборных гаворыцца і ў заяве ІІХФ, апублікаванай у той жа дзень.

Федэрацыя хакея Беларусі 30 кастрычніка вітала рашэнне CAS па Расіі, паведаміўшы, што па пытанні аднаўлення ў правах нацыянальнай і моладзевай зборных Беларусі яшчэ чакаецца рашэнне дысцыплінарнай калегіі ІІХФ. Яе заяву прывёў сайт BelarusHockey. Такім чынам, пытанне допуску беларускіх зборных разглядалася асобна ад справы расійскіх каманд у CAS.

Падзяліцца: