Мінск 14:29

Малдова пакуль не плануе ўводзіць візы для беларусаў — офіс Ціханоўскай

Кішынёў
Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

28 лістапада, Позірк. Малдова — кандыдат на ўступленне ў Еўрапейскі саюз — пакуль не плануе ўводзіць візы для грамадзян Беларусі. Пра гэта, паводле інфармацыі офіса Святланы Ціханоўскай, малдаўскі віцэ-прэм’ер і міністр замежных спраў Міхай Папшой заявіў 25 лістапада ў Кішынёве на сустрэчы з дарадцам беларускага дэмакратычнага лідара па дыпламатычных пытаннях Дзянісам Кучынскім.

Разам з тым “у будучыні гэтае пытанне можа паўстаць у сувязі з прывядзеннем візавай палітыкі” Малдовы “ў адпаведнасць з нормамі ЕС”, гаворыцца ў паведамленні.

Бакі абмеркавалі “магчымасць далейшай супрацы кіраўніцы Місіі дэмакратычных сіл Беларусі ва Украіне Вольгі Зазулінскай з малдаўскімі партнёрамі”, а таксама “ўзаемную падтрымку на міжнародных пляцоўках і абмен досведам еўраінтэграцыі”. Адзначана, што асобна суразмоўцы закранулі “досвед Малдовы ў зніжэнні эканамічнай залежнасці ад Расіі і агульныя выклікі для абедзвюх краін”.

Акрамя таго, былі абмеркаваныя “супраца з ініцыятывамі, якія працуюць з беларускай дыяспарай, абмен досведам і інфармацыяй, а таксама магчымасці выкарыстання напрацовак у гэтай сферы для развіцця беларуска-малдаўскай супрацы”.

Падчас візіту ў Малдову Кучынскі і дарадца Ціханоўскай па парламенцкай супрацы і канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька таксама правялі палітычныя кансультацыі ў парламенце Малдовы.

Паведамляецца, што яны абмеркавалі “актывізацыю працы групы “За дэмакратычную Беларусь” і далучэнне малдаўскіх дэпутатаў да міжнародных парламенцкіх ініцыятыў у падтрымку Беларусі”, “палітычнае шэфства над палітвязнямі, супрацу з беларускай дыяспарай і арганізацыі адпачынку ў Малдове для дзяцей палітвязняў і добраахвотнікаў улетку 2027 года”, а таксама “магчымасць правесці беларуска-малдаўскую канферэнцыю 19 лістапада 2027 года з удзелам Святланы Ціханоўскай”.

Адзначаецца, што Кучынскі ўзяў удзел у дыскусіі пра незалежныя медыя і барацьбу з дэзінфармацыяй на Саміце грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства. У сваім выступе ён “звярнуў увагу на выкарыстанне штучнага інтэлекту ў прапагандзе і неабходнасць дасягаць людзей, якія жывуць ва ўмовах цэнзуры і рэпрэсій”.

Каментарый Кучынскага “Позірку” даступны падпісчыкам “Позірк+”

Падзяліцца: