Мінск 12:58

Лукашэнка, не называючы тэрмінаў, запатрабаваў падвоіць экспарт прадукцыі АПК — да 20 млрд долараў

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Мінсельгасхарча

7 лістапада, Позірк. Беларускі аграпрамысловы комплекс мае выйсці на “новую прыступку” развіцця, заявіў Аляксандр Лукашэнка, наведваючы 7 лістапада сельгаспрадпрыемства “Гавяды-агра” ў Шклоўскім раёне (Магілёўская вобласць).

“Галоўнае — гэта вынік. Вынік маецца, таму канцэптуальна, філасофскі мы павінны ўскочыць на новую прыступку. Не 10 мільярдаў долараў экспарт, а трэба 20 мільярдаў”, — цытуе спікера яго прэс-служба. Тэрміны дасягнення гэтай мэты ён не акрэсліў.

Паводле яго слоў, попыт на харчаванне ў свеце толькі расце, для Беларусі гэта стварае магчымасці.

Аграпрамысловы комплекс Лукашэнка назваў “велізарнай, вельмі маштабнай сферай”, якая патрабуе “праводзіць своечасовыя пераўтварэнні, улічваць тэндэнцыі развіцця тэхнікі, тэхналогій, а таксама ўсё большыя запыты насельніцтва”. На гэтым фоне, сказаў ён, Беларусь ідзе “па шляху развіцця аграгарадкоў, дзе маецца годная інфраструктура, створаныя нармальныя ўмовы для жыцця”. Разам з тым, паводле яго слоў, “сацыяльная сфера апярэджвае ў тэмпах прыросту вытворчую”.

“Таму трэба, каб спецыялісты патрабавалі ад сваіх падначаленых эфектыўнай працы. Тэхналогія прымушае працаваць. Калі нармальная тэхналогія [на вытворчасці выконваецца], тады будзе і рэнтабельнасць. Вось уся філасофія ў сельскай гаспадарцы”, — лічыць Лукашэнка.

Візіцёру паведамілі, што рэнтабельнасць малочнай галіны дасягае 80%, мясной — толькі 5%.

“Мяне цікавіць, ці выгадна займацца ў цэлым мясам. Мяне хвалююць цэны: быка завёз на мясакамбінат — грошы атрымаў”, — адрэагаваў ён на пачутае. У адказ яго запэўнілі, што “мясны кірунак” выгадны, калі “ўсё арганізаваць паводле тэхналогіі і штодня атрымліваць высокія прывагі”, асабліва з улікам таго, што маецца “попыт на гэтую прадукцыю і за мяжой”.

“Выгадна, нявыгадна — мясам мы будзем займацца, бо людзі хочуць не толькі малака, але і мясных прадуктаў”, — заявіў Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што аднамомантнага падвышэння цаны на ялавічыну не будзе: “Гэта недапушчальна і немагчыма, гэта не наша палітыка”.

“Спачатку трэба выціснуць тэхналогію, якая адаб’ецца на прывагах. Таму давайце будзем зніжаць сабекошт і больш атрымліваць прыбыткі, — даручыў спікер. — Тады ў працэнтах будзе нармальная рэнтабельнасць. Мы не можам увесь час падвышаць цэны. Гэта ўсё кантралюецца. Так, недзе будзе прырост. Але трэба забяспечыць рост заробку, каб людзі не крыўдзіліся”.

30 студзеня Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання заявіла пра “гістарычны рэкорд” экспарту беларускіх харчовых тавараў і сельскагаспадарчай сыравіны па выніках 2025 года — на 10 млрд долараў.

Пагалоўе буйной рагатай жывёлы (БРЖ; каровы, быкі ды інш.) на 1 верасня 2026 года складала 3.820.209 галоў — на 3,3% менш, чым на аналагічную дату 2025-га (3.952.324), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Белстата.

Зніжэнне пагалоўя БРЖ адзначаецца ад пачатку 2019 года, калі ў краіне налічвалася 4 млн 336,7 тыс. галоў. На пачатак 2020 года іх было 4 млн 290,8 тыс., 2021-га — 4 млн 287,7 тыс., 2022-га — 4 млн 232,4 тыс., 2023-га — 4 млн 209,3 тыс., 2024-га — 4 млн 197,1 тыс., 2025-га — 4 млн 97,9 тыс.

Лукашэнка быў абраны прэзідэнтам у ліпені 1994 года. На пачатак 1995-га пагалоўе БРЖ у краіне складала 5 млн 403,3 тыс. Такім чынам, за гады яго кіравання пагалоўе зменшылася больш як на чвэрць (-29,1%).

Падзяліцца: