Ад красавіка 2024 года Украіна спыніла продаж у інтэрнэце больш як 13 тыс. найменняў кніг з РФ і Беларусі

7 лістапада, Позірк. Ад красавіка 2024 года з распаўсюду ва ўкраінскім сегменце інтэрнэту вынята больш за 13 тыс. найменняў выдавецкай прадукцыі з Расіі і Беларусі, вынікае з інфармацыі Дзяржаўнага камітэта тэлебачання і радыёвяшчання (Дзяржкамтэлерадыё) Украіны.
Ведамства не ўдакладняе, якая доля кніг з Беларусі.
У кастрычніку 2026 года спецыялісты Дзяржкамтэлерадыё выявілі факты анлайн-продажу больш як 400 найменняў выданняў са згаданых краін.
“Большасць камерцыйных прапаноў была размешчана на папулярных украінскіх маркетплэйсах: прадаўцамі BUDDHA MIND і Smart Reading на Prom.ua, прадаўцом Favorite books на Rozetka.ua, прадаўцом Books_for_you на Shafa.ua і прадаўцом “Наталя” на OLX.ua, — гаворыцца ў паведамленні. — Дзякуючы ўзаемадзеянню з адміністрацыямі названых інтэрнэт-платформ выяўленыя таварныя пазіцыі былі аператыўна выдаленыя, а прадаўцы папярэджаныя пра адказнасць за ажыццяўленне дзейнасці ў сферы выдавецкай справы з парушэннем патрабаванняў украінскага заканадаўства”.
Адначасова інтэрнэт-крамам Gavrosh, Neobooks, BurchBook і Georgesbooks “накіраваныя лісты з патрабаваннем самастойна выдаліць са сваіх рэсурсаў забароненыя тавары”. Дзяржкамтэлерадыё пагражае заблакаваць доступ да іх сайтаў, “калі парушэнне не будзе выпраўленае ў вызначаныя тэрміны”.
У чэрвені 2023 года прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў закон “Аб унясенні змяненняў у некаторыя законы Украіны аб усталяванні абмежаванняў на ўвоз і распаўсюд выдавецкай прадукцыі, якая тычыцца дзяржавы-агрэсара, Рэспублікі Беларусь, часова акупаванай тэрыторыі Украіны”. Палажэнні дакумента былі імплементаваныя ў арт. 281 закона “Аб выдавецкай справе”, на які спасылаецца Дзяржкамтэлерадыё.
Сярод іншага Дзяржаўны камітэт тэлебачання і радыёвяшчання Украіны вядзе “маніторынг выдавецкай сферы дзяржавы-агрэсара, Рэспублікі Беларусь і часова акупаваных тэрыторый Украіны” на прадмет выпуску “антыўкраінскай выдавецкай прадукцыі”. Звесткі пра такую прадукцыю ўносяцца ў “пералік кніжных выданняў, змест якіх скіраваны на ліквідацыю незалежнасці Украіны, прапаганду гвалту, распальванне міжэтнічнай, расавай, рэлігійнай варожасці, здзяйсненне тэрарыстычных актаў, замах на правы і свабоды чалавека”.
На 3 лістапада 2026 года ў гэтым спісе фігуравала 723 выданні (парадкавых нумароў 722, аднак адзін з іх памылкова выкарыстаны двойчы), але, згодна з праведзеным “Позіркам“ аналізам, аніводнага з Беларусі. У самой Украіне выдадзена 7; сумесна ў РФ і Украіне — 2; у “асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей” і “на часова акупаванай тэрыторыі Аўтаномнай Рэспублікі Крым” — па 4; у Францыі — 2, у Італіі, Швейцарыі, Японіі і на “часова акупаванай тэрыторыі Данецкай вобласці” — па 1; у Расіі — 700.
Рэжым Аляксандра Лукашэнкі падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю 24 лютага 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны.

- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЗ пачатку 2026 года колькасць спробаў незаконнага пранікнення мігрантаў з Беларусі ў ЕС перавысіла 15 тыс. — аналізМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Навіны Германіі, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЛітва зафіксавала рэкордную з пачатку жніўня актыўнасць мігрантаў — аналіз (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- ЭканомікаБеларусь апусцілася з першага на трэцяе месца ў ЕАЭС па дынаміцы сельгасвытворчасціМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Эканоміка


