Мінск 13:32

У Нароўлі за рулём чужога аўтамабіля загінуў 17-гадовы п’яны кіроўца без правоў

29 кастрычніка, Позірк. У Нароўлі (Гомельская вобласць) 17-гадовы юнак загінуў у ДТЗ пасля паездкі на чужым аўтамабілі без правоў кіроўцы ў стане алкагольнага ап’янення, паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

Паводле звестак ведамства, 25 кастрычніка двое жыхароў Нароўлі пазнаёміліся ў Калінкавічах з 17-гадовым мясцовым жыхаром. Маладыя людзі ўжывалі алкаголь, а ўначы выклікалі таксі і ўтрох прыехалі ў Нароўлю.

Там кампанія пранікла ў двор прыватнага дома, дзе знаходзіўся незачынены аўтамабіль Daewoo, які належаў сваяку аднаго з маладых людзей. За руль сеў 17-гадовы, нягледзячы на тое што быў п’яны і не меў пасведчання кіроўцы.

На аўтадарозе Нароўля — Канатоп кіроўца не даў рады кіраванню. Аўтамабіль зачапіў абочыну і перакуліўся. Юнак атрымаў цялесныя пашкоджанні і ў той жа дзень памёр у бальніцы.

27 кастрычніка паведамлялася аб гібелі ў ДТЗ у Вілейскім раёне Мінскай вобласці трох чалавек, у тым ліку жанчыны-кіроўцы, якая не мела правоў.

23 кастрычніка два чалавекі загінулі ў выніку сутыкнення аўтамабіляў ВАЗ і “Фальксваген” на аўтадарозе М-6 Мінск — Гродна ў Лідскім раёне.

У 2025 годзе, паводле афіцыйнай статыстыкі, колькасць ДТЗ у краіне скарацілася на 6%. Аварый з пацярпелымі стала менш на 9%, колькасць загінулых знізілася на 4%.

Падзяліцца: