Мінск 13:58

Ціханоўская заклікала ЕС, Украіну, Вялікабрытанію і Канаду захоўваць ціск на беларускі рэжым да сістэмных зменаў

Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

29 кастрычніка, Позірк. Трымаць вызваленне палітвязняў прыярытэтам у любых размовах з Мінскам і захоўваць ціск, пакуль не пачнуцца сістэмныя змены, заклікала Святлана Ціханоўская на сустрэчы з амбасадарамі і іншымі дыпламатамі 15 краін — членаў ЕС, а таксама Украіны, Вялікабрытаніі і Канады ў Дубліне (Ірландыя), паведаміў “Позірку” галоўны дарадца дэмлідара Франак Вячорка.

Сустрэчу, якая прайшла 27 кастрычніка, арганізаваў кіраўнік амбасады Польшчы ў Ірландыі Артур Міхальскі, амбасадар у Беларусі ў 2018-2023 гадах, які шмат гадоў падтрымлівае беларускія дэмакратычныя сілы.

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел прадстаўнікі Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Германіі, Францыі, Італіі, Іспаніі, Нідэрландаў, Швецыі, Ірландыі, Канады, Вялікабрытаніі і Украіны. Таксама ўдзельнічалі прадстаўнікі МЗС Ірландыі і амбасадар Ірландыі ў Літве.

Ціханоўская распавяла пра сітуацыю ў Беларусі і вынікі сустрэч з прэм’ер-міністрам, міністрам замежных спраў і міністрам па еўрапейскіх справах Ірландыі. 

Дэмлідар паведаміла пра супрацоўніцтва з амерыканскай адміністрацыяй і спецпасланнікам Джонам Коўлам па вызваленні палітвязняў і падкрэсліла, што вызваленне людзей павінна заставацца гуманітарным пытаннем, пры гэтым неабходна дабівацца поўнага спынення рэпрэсій. У Беларусі, падкрэсліла палітык, працягваюцца арышты, а многіх вызваленых палітвязняў прымусова вывозяць за мяжу.

Асобна былі абмеркаваныя праблемы беларусаў з пратэрмінаванымі пашпартамі, легалізацыяй і атрыманнем праязных дакументаў.

Ціханоўская распавяла пра рашэнне Ірландыі прымаць пратэрмінаваныя беларускія пашпарты для падаўжэння дазволаў на пражыванне і заклікала іншыя краіны працягваць пошук практычных рашэнняў для беларусаў.

Асаблівая ўвага была нададзеная былым палітвязням, якіх рэжым прымусова вывез без дакументаў, і сем’ям з дзецьмі, якія не могуць атрымаць пашпарты.

Ціханоўская таксама распавяла пра развіццё супрацоўніцтва з Украінай, травеньскай сустрэчы з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім і кіраўніцтвам украінскага МЗС, а таксама працу місіі беларускіх дэмсіл у Кіеве.

Абмеркаваны рост залежнасці Беларусі ад Расіі ў вайсковай сферы і выкарыстанне беларускіх прадпрыемстваў для расійскіх ваенных замоваў.

Ціханоўская падкрэсліла, што будучыя мірныя дамоўленасці па Украіне павінны ўлічваць і Беларусь, у тым ліку неабходнасць вываду расійскіх войскаў і ядзернай зброі з яе тэрыторыі.

Акрамя таго, палітык узняла тэму справы ў Міжнародным крымінальным судзе, распачатую з ініцыятывы Літвы, а таксама неабходнасць далейшага расследавання злачынстваў рэжыму.

Ціханоўская заклікала падтрымліваць міжнародныя механізмы адказнасці і звяртаць больш увагі на транснацыянальныя рэпрэсіі — пераслед беларусаў за мяжой, пагрозы іх сем’ям і злоўжыванне міжнароднымі механізмамі вышуку.

Палітык падзякавала за дапамогу незалежным беларускім СМІ, праваабаронцам, культурным і адукацыйным праектам, заклікала працягваць гэтую падтрымку, асабліва праграм, якія дапамагаюць захоўваць сувязь беларусаў з Еўропай і дасягаць аўдыторыі ўнутры краіны.

Паводле Вячоркі, Ціханоўская распавяла пра беларуска-ірландскую канферэнцыю па нацыянальнай і культурнай ідэнтычнасці, якая адбылася напярэдадні ў Дубліне, і падзякавала Ірландыі за падтрымку беларускіх ініцыятыў падчас старшынства ў Савеце ЕС.

Разгледжана пытанне падрыхтоўкі да 9-га саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці, які пройдзе ў Дубліне 12 лістапада, і магчымасці далейшага супрацоўніцтва беларускіх дэмакратычных сіл з еўрапейскімі краінамі.

Паводле інфармацыі Вячоркі, у той жа дзень Ціханоўская абмеркавала з прадстаўнікамі МЗС краін ЕС вызваленне палітвязняў і магчымасці перамен у Беларусі. У сустрэчы ўдзельнічалі дыпламаты з больш як 20 еўрапейскіх краін, а таксама прадстаўнікі Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў, Еўракамісіі і МЗС Ірландыі.

Ціханоўская падкрэсліла важнасць не дазволіць Лукашэнку выкарыстаць гуманітарныя перамовы для ўмацавання рэпрэсій і рэжыму. 

“Сёння мы працуем з партнёрамі, каб выцягнууь як мага больш палітвязняў. Кожны вызвалены чалавек — гэта вялікая перамога, але мы павінны дамагацца вызвалення ўсіх”, — сказала палітык.

Падзяліцца: